На пытанне «Колькі будзеш размаўляць па-беларуску?» адказваю: «Усё жыццё». Пагутарылі з беларускамоўнай кандуктаркай

139
Марыя Кіёнак
Марыя Кіёнак. Фота забяспечанае гераіняй публікацыі.

«Каму трэба заплаціць за праезд?». Калі вы чулі ў гарадскім аўтобусе ў Маладзечне такі зварот на беларускай мове, значыць, на маршруце працавала беларускамоўная кандуктарка Марыя Кіёнак.

Першы раз я проста слухала, як Марыя размаўляе з пасажырамі па-беларуску, другі – падышла да яе і падзякавала за родную мову ў аўтобусе. Ну і, нарэшце, прапанавала Марыі стаць гераіняй нашай публікацыі.

Марыя Кіёнак жыве ў Маладзечне некалькі год. Сама – вясковая, нарадзілася ў Пастаўскім раёне, на Віцебшчыне. Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта прыехала працаваць у Маладзечна. Тут і засталася.

Па-беларуску нават бачыла сны

Па спецыяльнасці Марыя – настаўніца пачатковых класаў. У свой час у Маладзечне для яе, выпускніцы ўніверсітэта, знайшлося месца толькі выхавальніцы ў дзіцячым садку. Папрацавала там. А пасля зразумела, што праца не яе. Захацелася нешта змяніць. Так мая суразмоўца апынулася ў Маладзечанскім аўтапарку. Працуе кандуктарам чацверты год і сцвярджае: «У педагогіку не хачу!».

– У нашым пасёлку людзі ў большасці гаварылі на трасянцы. Але стасункі з беларускай мовай былі заўсёды, бо па веравызнанні я каталічка. Пра мову пачала задумвацца, калі паступіла ва ўніверсітэт у Віцебск – рускамоўны горад. Думалася: беларусы вучаць у школе беларускую мову, быццам нядрэнна ведаюць яе. Чаму ж тады не размаўляюць на ёй? Студэнцтва – гэта час эксперыментаў. Таму аднойчы я вырашыла для сябе перайсці на беларускую. У адзін з дзён прыйшла на заняткі і стала размаўляць. Аднагрупнікі здзівіліся: што гэта раптам са мной. Увесь час па-руску размаўляла, а тут такое.

Адразу смяяліся, казалі: «Навошта гэты цырк? Ты ж усё роўна думаеш па-руску».

Тады яшчэ я адказаць нічога не магла, але і ад свайго не адступалася. Я ўпартая, і рашэнні мяняю толькі, калі сама гэтага захачу, – прыгадвае Марыя студэнцкія гады.

Але хутка дзяўчына заўважыла, што ад пастаяннага маўлення па-беларуску думаць яна таксама пачала на роднай мове. Больш за тое, ёй нават пачалі сніцца сны па-беларуску. Цяпер Марыя мела, што адказаць на пытанні аднагрупнікаў. Але тыя з часам прывыклі да беларускамоўнай дзяўчыны.

Прыехала ў Маладзечна і… здалася

– І вось студэнцтва скончылася. Я прыехала ў незнаёмы мне горад Маладзечна. Пачала думаць, як жа я тут буду размаўляць па-беларуску з людзьмі, якіх бачу першы раз. Як буду працаваць з дзецьмі ў садку, яны ж мяне не зразумеюць. І ў выніку я… здалася, – дзеліцца суразмоўца. – Вырашыла, навошта мне вытыркацца. Добра, буду як усе.

І дзяўчына развіталася са сваёй беларускамоўнасцю. Ды, як высветлілася, не назаўсёды.

Двухмесячнага сына «бамбіла» беларускай класікай

Перастаўшы быць беларускамоўнай, Марыя пра мову не забывалася. Яшчэ больш мовы ў яе жыцці стала, калі нарадзіўся сын. Маладая мама разумела, што цяпер толькі ад яе залежыць, кім будзе адчуваць сябе маленькі чалавек – беларусам ці рускім. І таму двухмесячнаму хлопчыку пачала чытаць «Новую зямлю» Якуба Коласа:

– Ён яшчэ ляжаў у вазку, толькі пачынаў успрымаць свет, а я яго ўжо беларускай класікай бамбіла. Калі сын падрастаў, выбірала для яго кніжкі на беларускай мове з прыгожымі малюнкамі. Сёння набываю замежных аўтараў у перакладзе на беларускую мову. Напрыклад, «Маленькага прынца» сын чытаў па-руску, па-беларуску і нават спрабаваў на французскай мове, якую вывучае ў школе.

Цяпер хлопцу 14. Адзнакі па беларускай мове ў яго, на жаль, не вельмі добрыя. Маме часам бывае сорамна, адзначае Марыя. А вось літаратура даецца лепш.

Прыемна, калі на маё «калі ласка» пасажыры адказваюць «дзякуй»

Рашэнне зноў размаўляць па-беларуску мая суразмоўца прыняла нядаўна – летам 2020 года:

– Была ў бацькоў, мела шмат часу падумаць. Вырашыла, што размаўляць па-беларуску – гэта тое нямногае, што я магу сёння рабіць для Беларусі.

Прызнаецца, што ў першы дзень выхаду на працу пасля адпачынку было трывожна. Думала, як успрымуць беларускамоўнага кандуктара пасажыры, што скажуць. Але ўсё ж пераканала сябе, што дарослай жанчыне трэба жыць і прымаць рашэнні без аглядкі на іншых.

– Я заўсёды хоць па-руску, хоць па-беларуску звяртаю ўвагу на культуру зносін з пасажырамі. Адрываючы і даючы талон, раней абавязкова казала «пожалуйста», цяпер кажу «калі ласка». Заўсёды толькі 30-40 працэнтаў пасажыраў дзякуюць у адказ. Але прыемна тое, што палова з гэтай колькасці цяпер на маё «калі ласка» адказвае менавіта «дзякуй», – расказвае Марыя.

– Рэдкія пасажыры могуць спытаць: «Што гэта за калгас?». Але іншыя іх тут жа супакойваюць: «Ціха-ціха! Гэта кандуктар па-беларуску размаўляе…». Некаторыя здзіўляюцца, некаторыя падтрымліваюць гутарку на роднай мове. І гэта цешыць.

Калі прыходзіцца пераходзіць на рускую

У студэнцкія гады быць беларускамоўнай лягчэй, заўважае Марыя. Чалавек тады малады, бескампрамісны, упэўнены ў сабе. Ён не асабліва задумваецца пра тое, ці зразумеюць яго іншыя. У дарослым жыцці – не так:

– Напрыклад, калі я размаўляю па-беларуску ў краме з прадаўцом, непаразуменняў не ўзнікае. А вось з доктарам часам прыходзіцца пераходзіць на рускую мову, каб мяне зразумелі і далі правільныя рэкамендацыі.

Не заўсёды, па назіраннях Марыі, мову разумеюць пасажыры, якія пытаюцца ў кандуктара пра маршрут аўтобуса. Тады жанчына зноў мусіць пераходзіць на рускую. Але здраджваць сабе стараюся як мага радзей, адзначае яна.

Суразмоўца прызнаецца, што, размаўляючы па-беларуску, часам камплексуе з-за таго, што не ідэальна ведае мову. Каб палепшыць сітуацыю, перавяла на беларускую свой мабільнік, спампавала туды руска-беларускі слоўнік, стараецца больш чытаць беларускіх кніг. Знаходзіць на чытанне час і па вечарах, і падчас абедзеннага перапынку на працы. Любоў да чытання ў жанчыны – з дзяцінства.

Каб беларусы пачалі размаўляць па-беларуску

Як зрабіць так, каб беларусы пачалі размаўляць па-беларуску? Тут простых рашэнняў няма, перакананая Марыя. Але дакладна гэта не павінна быць хутка, рэзка і з ціскам. І не варта спадзявацца на тое, што ўсе беларусы свядомыя, лічыць суразмоўца. Таму ўсё павінна адбывацца паступова, натуральна і, безумоўна, з дзяржаўнай падтрымкай.

…Родныя Марыі часам пытаюцца, колькі яшчэ яна збіраецца размаўляць па-беларуску. Адказ у яе просты – усё жыццё.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: