Валерый Карбалевіч: Усебеларускі народны сход як чамадан без ручкі

836

Раней, калі ўлады праводзілі Усебеларускі народны сход (УНС), яны спрабавалі рабіць хоць нейкую імітацыю народнага прадстаўніцтва. А цяпер нават на імітацыю не рызыкнулі, дзеліцца разважаннямі палітолаг Валерый Карбалевіч у сваім тэлеграм-канале.

Валерый Карбалевіч
Валерый Карбалевіч

На фоне аблаў па мінскіх дварах, пагромаў дэмакратычных арганізацый і актывістаў у краіне абвешчаны год народнага адзінства. Нібы насміхаючыся са здаровага сэнсу. За ўсе гады лукашэнкаўскага рэжыму ніколі не было такога моцнага кантрасту, разрыву паміж афіцыйнай рыторыкай і рэальнасцю. Па ўзроўні дэмагогіі такая практыка нагадвае сталінскія часы, калі на фоне масавай кампаніі выкрывання «ворагаў народа» газеты пісалі пра «непарушнае адзінства савецкага народа».

У тым жа рэчышчы варта разглядаць і ўвесь праект, звязаны з Усебеларускім народным сходам. Улады падаюць яго як выразнік волі народа. Аднак насамрэч тут зноў кантраст паміж афіцыёзнай рыторыкай і рэальнасцю, прычым яшчэ большы, чым дагэтуль.

Раней, калі ўлады праводзілі Усебеларускі народны сход, яны спрабавалі рабіць хоць нейкую імітацыю народнага прадстаўніцтва. На некаторых прадпрыемствах ладзіліся фармальныя сходы, на якіх нібыта выбіралі дэлегатаў на УНС ці ўпаўнаважаных на раённы сход, гэта паказвалі па БТ.

Цяпер жа, паводле БелТА, якое раскрывае змест указа № 492 аб правядзенні УНС, працоўныя калектывы як суб’екты выбару «дэлегатаў» не згадваюцца. Прадстаўнікі на УНС выбіраюцца «раённымі і гарадскімі Саветамі дэпутатаў і найбольш шматлікімі грамадскімі аб’яднаннямі». То бок ФПБ, БРСМ, «Белай Руссю».

Гэта значыць, што цяпер нават на імітацыю не рызыкнулі. Бо ёсць рызыка, што праз працоўныя калектывы на УНС могуць пратачыцца нядобранадзейныя грамадзяне. Вось жа на праўладным мітынгу на плошчы Незалежнасці 16 жніўня адзін выступовец даволі крытычна ацаніў паводзіны ўлады. Відаць, у спешцы не пралічылі ўсіх. А УНС трэба зрабіць стэрыльным. Таму не да гульні ў дэмакратыю.

Іншая справа, які ўвогуле сэнс у гэтым УНС? Ад таго, каб прыняць на ім новую Канстытуцыю, Лукашэнка, паводле ягоных слоў, адмовіўся. Тады навошта? Прыняць пяцігадовы план? Каму і навошта гэта патрэбна? План мінулай пяцігодкі правалены. Тут бюджэт і план на 2021 год з цяжкасцю прынялі, і то ў апошні момант. Бо эканамічная сітуацыя вельмі няпэўная. На ўнутраную аўдыторыю гэта ніяк не паўплывае. Хутчэй стане дадатковым раздражняльнікам.

Магчымым адрасатам гэтага спектакля аднаго акцёра можа быць Масква. Маўляў, глядзіце, я выконваю абяцанні, дадзеныя ў Сочы, вяду дыялог з народам. Верагодна, Крэмль гатовы прыняць і прызнаць гэтую імітацыю, хоць і разумее ўсю фарсавасць і дэкаратыўнасьць згаданай інсцэніроўкі. Але толькі як першую дзею, за якой павінны адбыцца нейкія іншыя, больш рэальныя крокі.

Увогуле, падаецца, што сёння гэты УНС для Лукашэнкі – нейкі чамадан без ручкі. І кінуць шкада, і несці незразумела навошта. Здаецца, проста Лукашэнка лічыць, што калі парушыць даўно заведзеную традыцыю і цяпер не праводзіць УНС, то наменклатура і ягоныя нешматлікія прыхільнікі падумаюць, што ў краіне нешта не так, нейкі непарадак. Таму з дапамогай гэтага сходу трэба даказаць, што ў нас усё ў парадку, нічога незвычайнага не адбываецца. А рэвалюцыя 2020 года – гэта нейкі кароткі прыкры эпізод, які трэба хутчэй забыць.

Але адна справа, калі ўзгаданы вышэй кантраст паміж рыторыкай і рэальнасцю існуе толькі ў прапагандысцкай плашчыні. Значна горш, калі ён адлюстроўвае сапраўдную карціну свету ў адной кіруючай галаве.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: