У Гомелі на «суткі» адправілі пенсіянерку за карагод вакол ялінкі ў лесе

781
Ілюстрацыйнае фота з адкрытай крыніцы
Ілюстрацыйнае фота з адкрытай крыніцы

Суд Савецкага раёна Гомеля пакараў арыштам на 7 сутак 59-гадовую Алу К. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу. Так суд расцаніў карагод у лесе вакол ялінкі, у якім узяла ўдзел жанчына, паведамляе “Радыё Свабода”.

Справу разглядаў суддзя Андрэй Лагуновіч.

25 снежня каля дзесяці жыхароў Гомеля зладзілі навагодні пікнік у лесе. Яны ўпрыгожылі там ялінку, палілі вогнішча і вадзілі карагод. Некаторыя ўдзельнікі карагоду мелі бел-чырвона-белыя сцягі. На ялінцы былі аркушы паперы з надпісамі «Пацук, сыходзь!» і «У Новы год без пацука!».

5 студзеня пенсіянерку Алу затрымала міліцыя. У яе доме прайшоў вобшук. Міліцыя забрала тэхніку (камп’ютар, дыскі, тэлефоны) і «бел-чырвона-белы сцяг з кветкай пасярэдзіне» (маецца на ўвазе сцяг БСДП. – РС). Пенсіянерку забралі на ноч у ІЧУ. 6 студзеня адбыўся суд.

Паводле рапарту міліцыі, пенсіянерка «ў загадзя дамоўленым месцы, у лясным масіве каля вёскі Новая Бухалаўка прыняла актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу без дазволу гарвыканкама».

«Я не лічу, што карагод у лесе – мітынг. Я не лічу сябе вінаватай. Калі нават вы кажаце, што я была там у чырвонай куртцы – то што? Гэта абсурд – даваць паказанні па такой справе», – сказала жыхарка Гомеля.

Міліцыянеры напісалі ў рапарце, што заўважылі ў тэлеграме відэа з пікніку ў лесе і «аператыўным шляхам» вызначылі, што ўдзел у «несанкцыянаваным мітынгу» прыняла Ала.

На судзе выступала сведка, яшчэ адна жыхарка Гомеля. Яна паказала, што з Алай пазнаёмілася ў жніўні на мірных маршах. Суддзю цікавіла, у якіх тэлеграм-суполках удзельнічалі абедзьве жыхаркі Гомеля, хто яшчэ быў на пікніку, ці была сімволіка і хто выклаў запіс у тэлеграм.

«То бок вы пілі шампанскае, весяліліся і размахвалі бел-чырвона-белымі сцягамі? Для чаго было сцягі з сабой браць? Вы ж выдатна разумееце, што каб не гэтыя сцягі, вам бы ніхто і слова не сказаў? – удакладняў суддзя. – Каб вы не выкарыстоўвалі нейкія палітычныя моманты… Вы выкарыстоўваеце бел-чырвона-белыя сцягі, плакаты на ялінцы: “Новы год без пацука” – гэта што?»

Дзяўчына патлумачыла, што адкрыта са сцягамі хадзіць нельга, таму яны вырашылі скарыстацца імі ў лесе.

Дзяўчыну-сведку таксама будуць судзіць на наступным тыдні.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: