Усебеларускі сход начальнікаў

2539
Фота https://www.belrynok.by

Кажуць, у лютым адбудзецца так званы Усебеларускі народны сход. А мне здаецца, запланаваны збор вялікай колькасці людзей абсалютна не адпавядае назве мерапрыемства. Ну які гэта Усебеларускі народны сход, калі ў зале Палаца Рэспублікі будуць сядзець адны начальнікі?

У інтэрнэце з’явіўся прыкладны спіс дэлегатаў ад Брэста. Божухна, дык у ім прозвішчы толькі начальнікаў, працэнтаў дзевяноста патэнцыяльных дэлегатаў займаюць пасады дырэктараў устаноў альбо нейкіх прадпрыемстваў. А дзе шараговыя, простыя людзі? Яны што, не народ? Чаму іх голас не павінен гучаць з трыбуны форуму?

Не вытрымлівае ніякай крытыкі сама працэдура вылучэння дэлегатаў на прызначаны сход. У апошні дзень года на сесію тэрмінова склікалі дэпутатаў мясцовых Саветаў. Не без падачы кіраўнікоў рай- і гарвыканкамаў ім зачыталі спісы з прозвішчамі тых асоб, якія павінны стаць дэлегатамі сходу. Па сутнасці гэта звычайнае прызначэнне, а не абранне. Ні пра якую дэмакратыю тут і гаворкі не можа быць. Смехатура дый толькі!

Што ж, беларускі народ сваё слова сказаў у мінулым годзе, калі не пагадзіўся з махлярствам улад на прэзідэнцкіх выбарах і масава выйшаў на вуліцы адстойваць справядлівасць і свой гонар. Я упэўнены: скажа сваё слова народ і ў 2021 годзе. Нягледзячы на тое, якое рашэнне прыме так званы Усебеларускі народны сход.

Яўген ГУЛЯКЕВІЧ, выбаршчык.

Публікацыя – з № 1 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: