Суд не аднавіў на працы сямейную пару, на якую скардзіўся ў свой час галоўны жлобінскі міліцыянер

1032
Наталля і Дзмітрый Чавускіны. Фота аўтара
Наталля і Дзмітрый Чавускіны. Фота аўтара

Суддзя Жлобінскага раёна Іна Шаршнёва 6 студзеня вынесла рашэнне адмовіць у задавальненні іска Наталлі і Дзмітрыя Чавускіных да філіяла “Жлобінскія электрычныя сеткі” РУП “Гомельэнерга” ў аднаўленні на працы.

“Гэта не прававое рашэнне, і мы з ім не згодныя”, – сказала журналісту “Народнай Волі” Наталля Чавускіна.

Дзмітрый і Наталля – муж і жонка, яна працавала намеснікам дырэктара філіяла па агульных пытаннях і ідэалогіі, ён – начальнікам аддзела сацыяльнага развіцця.

На мінулых прэзідэнцкіх выбарах Наталля ўзначальвала ўчастковую выбарчую камісію, а муж быў членам гэтай жа камісіі. Па выніках галасавання на ўчастку перамагла Святлана Ціханоўская: за яе прагаласаваў 221 чалавек, за Аляксандра Лукашэнку – 122.

У жніўні Чавускіны ўзялі ўдзел у гарадскім мірным шэсці супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў. На падставе міліцэйскіх пратаколаў маладую пару пакаралі арыштам – 10 і 15 сутак.

Услед за адбытымі ў ізалятары “суткамі” на працу Чавускіных у “Жлобінскія электрасеткі” паступіў ліст начальніка райаддзела міліцыі Генадзя Мельніка за № 410. Па ўласнай ініцыятыве ці па падказцы іншых дзяржаўных структур, але міліцэйскі начальнік інфармаваў дырэктара прадпрыемства Паўла Путырскага, што Наталля і Дзмітрый Чавускіны, “у абавязкі якіх уваходзіць у тым ліку правядзенне ідэалагічнай работы ў даручаных ім калектывах, самі з’яўляюцца радыкальна настроенымі асобамі, якія не падтрымліваюць існуючы канстытуцыйны лад”.

На падставе адміністрацыйнага пакарання галоўны міліцыянер раёна зрабіў безапеляцыйную выснову: “Унутраныя перакананні Чавускінай Н.І. і Чавускіна Д.Б. могуць адмоўна паўплываць на ідэалагічныя складнікі калектыву Вашага прадпрыемства, памагаць фарміраванню ў яго негатыўнага настрою да дзеючай улады і ўсяго апарату дзяржаўнага кіравання”.

26 лістапада дырэктар электрасетак звольніў Наталлю і Дзмітрыя “за аднаразовае грубае парушэнне працоўных абавязкаў” – на падставе п. 7 арт. 42 Працоўнага кодэкса. Але такога грубага парушэння, пералічанага ў Працоўным кодэксе, у сямейнай пары і блізка не назіралася. Падставай для звальнення стала рашэнне ведамаснай камісіі па супрацьдзеянні карупцыі, якую ачольвае дырэктар Путырскі. Камісія нечакана прызнала мажлівасць у Наталлі і Дзмітрыя наяўнага ці патэнцыйнага ўзнікнення канфлікту, бо яны – сямейная пара, і муж у жонкі ў службовым падпарадкаванні.

І хоць на такіх пасадах Чавускіны працавалі да выбараў амаль пяць гадоў, даказаць у судзе абсурднасць матывацыі звальнення ім не ўдалося.

“Лічу, што наймальнік ужыў у дачыненні да сямейнай пары забароненую ў сферы працоўных адносін дыскрымінацыю. Проста кажучы, абмежаваў іх у працоўных правах з-за палітычных поглядаў, паклаўшы ў аснову загаду на звальненне ліст начальніка міліцыі. На жаль, суддзя прыняла бок адміністрацыі электрасетак, якая звольніла сямейную пару на падставе здагадак пра магчымы канфлікт інтарэсаў, што не адпавядае пункту 7 артыкула 42 Працоўнага кодэкса. Рана ці позна гэтае звальненне будзе прызнана незаконным”, – пакаменціраваў судовае рашэнне рэгіянальны прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка, які прадстаўляў інтарэсы сямейнай пары ў Жлобінскім райсудзе.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: