Маштабныя ператрусы ў Гомелі: ціск на праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў узмацняецца

792
Будынак, дзе месціцца аддзел СК Гомельскага раёна. Тут і далей фота аўтара
Будынак, дзе месціцца аддзел СК Гомельскага раёна. Тут і далей фота аўтара

Маштабныя ператрусы, якія прайшлі 5 студзеня ў Гомелі ў грамадска-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай, а таксама ў кватэрах мясцовых актывістаў Васіля Палякова, Мікалая Новікава, Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы з Рэчыцы, толькі фармальна звязаныя з крымінальнай справай члена Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Няпомняшчых нібыта за пагрозу супрацоўніцы пракуратуры.

Пра гэта кажуць самі актывісты, у каго напярэдадні былі ўчынены ператрусы, ініцыяваныя следчым аддзела СК Гомельскага раёна падпалкоўнікам юстыцыі Майсянковым у межах крымінальнай справы Няпомняшчых.

“Не было б справы Няпомняшчых, знайшлі б нейкую іншую падставу паралізаваць дапамогу удзельнікам пратэстных акцый супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Падобная сітуацыя была пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, калі ў офісе на Палескай праводзілі вобшук па так званай арматурнай крымінальнай справе, заведзенай у Жлобіне”, – кажа праваабаронца Леанід Судаленка.

Ён дадае, што ў офісе на Палескай, дзе супрацоўнікі УБАЗіКа паводле пастановы следчага рабілі ператрус цягам 10 гадзін, забралі не толькі камп’ютарную тэхніку, але і ўсе папкі з абскарджваннем штрафаў і арыштаў удзельнікаў пратэстаў, а таксама асабістыя банкаўскія карткі праваабаронцы, у тым ліку і валютную.

Леанід Судаленка ў офісе на Палескай з медалём Французкай Рэспублікі за ўклад у абарону правоў чалавека, лаўрэат прэміі "Свабода-Роўнасць-Братэрства" (2018)
Леанід Судаленка ў офісе на Палескай з медалём Французкай Рэспублікі за ўклад у абарону правоў чалавека, лаўрэат прэміі “Свабода-Роўнасць-Братэрства” (2018)

“Не хаваю, што тысячу еўра са сваёй французскай прэміі за ўклад у абарону правоў чалавека я выдаткаваў на аплату дзяржаўных пошлін за перагляд адміністрацыйных і крымінальных спраў рэпрэсаваных грамадзян у вышэйшых судовых інстанцыях. У наш цэнтр пасля выбараў звярнуліся каля тысячы чалавек у пошуках сваякоў, па кансультацыі, прававую і матэрыяльную дапамогу. Ва ўпраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, куды мяне вазілі пасля ператрусу, пыталіся, ці маю я ліцэнзію на дапамогу. Я адказаў, што не трэба прасіць у дзяржавы ліцэнзію, каб перавесці бабульку праз дарогу. Лічыў сваім грамадзянскім абавязкам дапамагчы людзям, якія пасля мірных пратэстаў патрапілі ў складаную сітуацыю. На жаль, зараз гэтая праца прыпынена на няпэўны час, бо міліцыя забрала ўсе дакументы. З гэтай жа прычыны і скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека таксама не маю магчымасці накіроўваць”, – зазначае праваабаронца Судаленка.

Грамадскі актывіст і палітык Васіль Палякоў, на кватэры якога ўчора таксама адбыўся ператрус з выняткам камп’ютарнай тэхнікі і некаторых дзелавых папер, пагаджаецца, што абсурдная крымінальная справа супраць Няпомняшчых – гэта толькі для адводу вачэй.

Васіль Палякоў
Васіль Палякоў

“Ідзе ціск і здушэнне ўсяго таго, што яшчэ варушыцца пасля хвалі гвалту і рэпрэсій супраць нязгодных з фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў”, – перакананы палітык Палякоў.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: