«Гэта быў адзін з наймацнейшых удараў, калі мы пасмелі “адкрыць рот”». Герасіменя пра Лукашэнку і «здраду» спартсменаў

2250
Аляксандра Герасіменя. Фота з адкрытай крыніцы
Аляксандра Герасіменя. Фота з адкрытай крыніцы

Старшыня Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці, двухразовая віцэ-чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 2016 года, уладальніца залатых узнагарод чэмпіянатаў свету, плыўчыха Аляксандра Герасіменя распавяла “Радыё Сабода” пра дзейнасць фонду, дапамогу спартсменам, жыццё без басейна і магчымыя выступленні беларускіх спартсменаў на Алімпіядзе пад белым сцягам.

Сцісла

  • Гэта быў адзін з наймацнейшых удараў па Лукашэнку, бо спартсмены лічыліся людзьмі, якія цалкам падтрымліваюць рэжым, якія з усім згодныя і ўсім задаволеныя.
  • Спорт успрымаўся не як дасягненні асобных спартсменаў, а як дасягненні аднаго чалавека. Калі ў цябе былі поспехі, была магчымасць атрымаць усё што ты хочаш.
  • Спартсмены – асаблівы тып людзей, якія цалкам канцэнтруюцца на працэсе падрыхтоўкі. Калі нават у думках глядзець у іншы бок, вынікі могуць вагацца. Таму раней стараліся трымацца максімальна нейтральнай пазіцыі.
  • Большасць падпісантаў праўладнага ліста кажуць: «Вы ж разумееце». Гэта самая папулярная фраза за апошнія некалькі месяцаў. Мы разумеем, але не прымаем.

Пра найлепшы падарунак на дзень нараджэння

— Аляксандра, 31 снежня вам споўнілася 35 гадоў, і я бачыла сотні віншаванняў у сацсетках. Якое віншаванне ці падарунак найбольш кранула?

— Хачу падзякаваць за віншаванні, якіх было вельмі шмат, у тым ліку і ад незнаёмых мне людзей. Тое, што адбываецца ў Беларусі з нашымі людзьмі, з нашай нацыяй, узаемадапамога, аб’яднанне, — гэта для мяне найвялікшы падарунак за ўсё маё жыццё.

— Як змянілася вашае жыццё з кастрычніка, калі вы пераехалі ў Вільню? Мы бачым актыўную дзейнасць Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці. А што тычыцца вашага спартыўнага жыцця, асабістага жыцця, то што змянілася, чаго не хапае?

— Са мной мая дачка. Трэба і ёй надаваць увагу. Вельмі не хапае фізічнай актыўнасці, бракуе спорту, басейна. Я разумею, што гэта часова. Тое, што мы робім, гэта больш важна цяпер. Думаю, што неўзабаве змагу вярнуцца да спартыўных заняткаў. Цяпер у Вільні праз каранцін зачыненыя ўсе басейны і спартыўныя цэнтры, але і часу няма на іх.

Пра паўстанне спартсменаў

— Многія назіральнікі кажуць, што адным з найбольшых удараў па Лукашэнку было так званае паўстанне спартсменаў. Бо тэатрам, літаратурай, навукай ён асабліва не цікавіцца, і нязгода прадстаўнікоў сферы культуры і навукі для яго не тое што чаканая, але не надта балючая, бо гэта не ягоная сфера інтарэсаў. Як вы думаеце, наколькі моцна яго закранула «здрада» спартсменаў?

— Гэта быў адзін з наймацнейшых удараў, бо спартсмены лічыліся тымі людзьмі, якія цалкам падтрымліваюць рэжым, якія з усім згодныя і ўсім задаволеныя. Насамрэч большасць спартсменаў былі задаволеныя сітуацыяй у краіне. Ёсць заробак, магчымасць выязджаць, удзельнічаць у спаборніцтвах, у цэлым усё цудоўна. Напэўна, гэтым і вельмі важны быў пратэст, калі спартсмены выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю. Грамадзянінам краіны з’яўляецца кожны чалавек, незалежна ад прафесіі. Цяпер мы адасобіліся ад таго, што мы спартсмены і павінны маўчаць, як у нас ідэалогія «вучыць». Мы цяпер не проста спартсмены, а мы людзі, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю, якія не згодныя з тым, што адбываецца. Напэўна, гэта найбольш уразіла, ударыла, што мы пасмелі «адкрыць рот» і выказаць тое, што мы думаем.

Пра лісты – вольных спартсменаў і праўладны

— Важная не колькасць, а якасць, папраўдзе. Важна, хто падпісвае гэты ліст і як яго падпісвае. Наш ліст усе падпісваюць добраахвотна, самі просяць, пытаюцца, як падпісаць, калі не могуць знайсці. З таго боку мы бачым стандартную прымусовую сістэму, часам з пагрозамі. Я не буду абмяркоўваць якасць таго ліста, але да жніўня спартсменам жылося ў нашай краіне нядрэнна. У нас падтрымлівалі спорт. Спорт быў у пэўным сэнсе легітымізацыяй улады. Спорт успрымаўся не як дасягненні асобных спартсменаў, а як дасягненні аднаго чалавека. Калі ў цябе былі поспехі, была магчымасць атрымаць усё што ты хочаш. Натуральна, спартсмены, якія падпісалі ліст вольных спартсменаў, пачалі сутыкацца з рознымі праблемамі — пазбаўленне стыпендый, звальненне з каманды.

— А як вы ставіцеся да падпісантаў праўладнага ліста спартсменаў? Часам не падпісаць гэты ліст — таксама ўчынак.

— Мы разумеем, які ціск аказваюць на спартсменаў. І тое, што людзі не падпісалі праўладны ліст, сведчыць пра тое, што ёсць дакладнае разуменне сваёй пазіцыі. Мне складана асуджаць тых, хто падпісвае яго. У кожнага свая сітуацыя. Але кожны робіць свой выбар і вырашае, што для яго бліжэй, лепей, больш сумленна і праўдзіва. Мы бачым, як падпісваюць той ліст, мы бачым, хто ў ім. Мы разумеем некаторых людзей, чаму яны гэта робяць. Большасць кажа: «Вы ж разумееце». Гэта самая папулярная фраза за апошнія некалькі месяцаў. Мы разумеем, але не прымаем.

Пра палітычную пазіцыю раней і цяпер

— Як вам здаецца, ці заўсёды спартсмены мелі актыўную палітычную пазіцыю і выказвалі нязгоду з тым, што робіць улада? Ці большасць людзей гэтага проста не бачыла, ці сапраўды гэты рух грамадзянскага супраціву пачаўся толькі сёлета? Як гэта было ў вас?

— Спартсмены і раней мелі пазіцыю, але адзін у полі не ваяр. Я выказвала раней свае думкі, ідэі, трапляла за гэта ў чорны спіс, была не ў пашане некаторы час. Я разумела, што проста паўстаць і выказаць сваю пазіцыю — гэта не вырашыць нічога. Пакуль цябе не падтрымае крытычная маса людзей, нічога не зменіцца.

Хачу звярнуць увагу на тое, што спартсмены — асаблівы тып людзей, якія цалкам канцэнтруюцца на працэсе падрыхтоўкі і імкнуцца максімальна не адцягваць увагу на вонкавыя ўздзеянні. Калі нават у думках глядзець у іншы бок, вынікі могуць вагацца. Усе імкнуліся проста абстрагавацца ад сітуацыі, якая была ў краіне, і засяродзіцца на падрыхтоўцы. Менавіта таму раней стараліся трымацца максімальна нейтральнай пазіцыі і не выказваць свае думкі.

Аб працы Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці

— Меркаваная адмена правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі, зварот аб пажыццёвай дыскваліфікацыі кіраўнікоў Беларускай федэрацыі футбола, санкцыі Міжнароднага алімпійскага камітэта супраць Лукашэнкі. Якія яшчэ дзеянні ў планах Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці?

— Мы працуем у шырокім спектры. Для нас важная падтрымка саміх спартсменаў і падрыхтоўка іх да Алімпійскіх гульняў і іншых міжнародных стартаў, каб яны маглі працягваць сваю спартыўную карʼеру незалежна ад таго, што адбываецца. Цяпер мы будзем працаваць кропкава і па федэрацыях. І, вядома, гэта санкцыі супраць чыноўнікаў, якія не даюць беларускім спартсменам займацца тым, чым яны павінны — сваім відам спорту.

Пра сцяг на Алімпіядзе

— Якая альтэрнатыва для тых, хто не трапіў у зборную за грамадзянскую пазіцыю? Выступленне пад белым сцягам?

— Пакуль рана гаварыць, пад якім сцягам будуць выступаць. Да Алімпійскіх гульняў амаль паўгода. Усё можа памяняцца, але гэта сапраўды альтэрнатыва, каб спартсмен мог сам выбіраць, пад якім сцягам ён мог выступаць — пад чырвона-зялёным ці пад нейтральным сцягам Алімпійскага камітэта. Да таго часу можа і сцяг змяніцца, так што загадваць не варта. Гэта, папраўдзе, не такі прынцыповы момант. Важна, каб спартсмены маглі падрыхтавацца, выступіць на спаборніцтвах і паказаць максімальны вынік.

Пра стаўленне да Лукашэнкі

— Вы сустракаліся з Аляксандрам Лукашэнкам. Як мянялася вашае стаўленне да яго? Ці мянялася?

— Падчас першай сустрэчы было прэстыжна і прыемна, што мяне адзначылі, запрасілі на мерапрыемства. Быў нават гонар, што першая асоба краіны прызнала мае заслугі. Шчыра кажучы, я імкнулася абстрагавацца ад асабістых ацэнак. Бо ёсць у мяне такая здольнасць — бачыць у чалавеку не найлепшыя якасці. І тут можна актыўна выказваць пратэст ці не звяртаць увагу. Я прыняла другую пазіцыю. Я прымала ўзнагароды, якія мне ўручалі. За мае заслугі насамрэч, за тое, што я зрабіла. Гэта было абсалютна заслужана, без асабістых меркаванняў. Па-дзелавому і па-працоўнаму. Усё астатняе мяне тады не тычылася.

— Чаго б вы пажадалі беларускім спартсменам у 2021 годзе?

— Спартсмены, якія падпісвалі ліст вольных спартсменаў, потым расказвалі, як яны сябе адчуваюць — свабодна і лёгка. І сумленне чыстае. Я хачу пажадаць усім спартсменам, незалежна ад таго, падпісвалі яны ліст ці не, каб ім было спакойна на душы, і сумленне было чыстым, і каб можна было думаць пра спартыўныя вынікі, а не пра тое, што адбываецца навокал.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: