Былога рэдактара смаргонскай незалежнай газеты асудзілі на 2,5 года

156
Рамуальд Улан

Рамана Улана, былога рэдактара і выдаўца “Новай газеты Смаргоні”, асудзілі на 2 гады і 6 месяцаў «хіміі» за «паклёп» на міліцыянераў.

Улана абвінавацілі ў тым, што ён сфатаграфаваў расклееныя на платах у Смаргоні лістоўкі невядомага аўтара і размясціў здымкі ў інтэрнэце. Прычым не ў выглядзе асобнага паста, а ў якасці каментарыя да іншага.

На лістоўках змяшчалася інфармацыя аб сямі супрацоўніках смаргонскай міліцыі, якія нібыта злоўжывалі службовымі паўнамоцтвамі і ілжыва сведчылі ў судах супраць пратэстуючых у адміністрацыйных справах. Сем праваахоўнікаў падалі ў суд на 55-гадовага прадпрымальніка.

Дарэчы, у судовым пасяджэнні, паводле самога Улана, ён настойваў на тым, што яго віна не даказана, што не праведзена праверка фактаў ілжывага сведчання міліцыянераў.

Як прыклад ён прывёў факты адносна трох з тых, хто складаў пратаколы на пратэстуючых, але суд адхіліў іх.

“Я даволі актыўны карыстальнік інтэрнэту, і ў смаргонскіх групах мяне таксама ведаюць, – заўважыў карэспандэнту “Народнай Волі” Улан. – А там вельмі яскрава адлюстроўваецца пазіцыя пратэстуючых людзей. Уладам гэта вельмі не падабаецца, і яны спрабуюць задушыць такія памкненні”.

З прысудам Улан не згодны і будзе абскарджваць рашэнне суда.

Смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў звяртае ўвагу на непамерна вялікі тэрмін прысуду. І гэта пры тым, паводле яго, што Улан не вырабляў і не развешваў тыя лістоўкі. Са слоў Дзергачова, па гэтым факце таксама ўзбуджана крымінальная справа, але вінаватыя дагэтуль не знойдзены.

“Няхай бы яны спачатку завяршылі расследаванне па факце вырабу і распаўсюджання лістовак, – гаворыць праваабаронца. – А тут знайшлі Улана, і ўся адказнасць лягла на яго”.

Рамуальд Улан быў выдаўцом і рэдактарам незалежнай «Новай газеты Смаргоні» з 1996 па 2005 год. Абіраўся дэпутатам раённага савета. У апошнія гады прапаноўваў паслугі друку.

Поделиться ссылкой: