За што кінулі за краты пенсіянерку Ірыну Харытановіч?

635
Ілюстрацыйны здымак. Фота: TUT.BY

Суддзя Лідзія Целіца можа прамовіць: 15 сутак арышту я вынесла ёй за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Так, пенсіянеры не бяруць афіцыйны дазвол на правядзенне мірных маршаў. А, скажыце, у каго ўлады бралі дазвол на фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў? З парушэннем мноства законаў яны правялі ўсю палітычнуюкампанію. Апофеозам іх махінацый стаў заключны этап – калі, лічы, амаль паўсюдна ў выніковыя пратаколы ўпісваліся не рэальныя лічбы галасавання, а тыя, якія спускаліся зверху.

Цяпер ужо ўсім зразумела: старшынь і членаў выбарчых камісій штурхалі на беспрэцэдэнтнае парушэнне законаў кіраўнікі мясцовай вертыкалі, а іх у сваю чаргу – больш высокае начальства. А хто ў нас правіць усім начальствам? Ужо больш за 26 гадоў гэта адзін і той жа чалавек. І як тут не ўзгадаць выказванне мудрага філосафа Джона Лока (цытую па-руску): “Если государь нарушает закон, то народ получает право на восстание”.

Вось і паўсталі сумленныя беларусы супраць парушэння закона, а дакладней – супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Пра тое, што гэта адбывалася ледзь не на ўсіх участках, сведчаць тысячы фактаў. А пратэстныя акцыі людзей – гэта іх грамадзянская рэакцыя на нахабна хлуслівыя дзеянні ўлад. Як тут не зразумець пенсіянерку Ірыну Харытановіч, якая вырашыла ўзяць удзел у пратэстных маршах! І чаму б суддзі Лідзіі Целіца не ўлічыць усе тыя акалічнасці, якія даюць беларусам права выходзіць на вуліцы і плошчы і ў мірных пратэстных акцыях адстойваць справядлівасць, патрабаваць ад улад новых выбараў з захаваннем дэмакратычных нормаў.

Што толькі не ўбачыла, што толькі не пачула 59-гадовая пенсіянерка Ірына Харытановіч падчас 15-сутачнага знаходжання ў СІЗА, што на вуліцы Акрэсціна ў Мінску! Там, за кратамі, яна была абмежавана ў многіх сваіх правах. Вядома ж, пакутавала ад адсутнасці нармальных умоў, жорсткіх паводзін службовага персаналу, пазбаўлення сувязяў з роднымі… І за што такое пакаранне? За грамадзянскую актыўнасць. За адстойванне праўды, справядлівасці, чалавечага гонару. Я лічу, што суддзя Лідзія Целіца вынесла ў дачыненні да Ірыны Харытановіч абсалютна памылковае рашэнне. Хочацца спадзявацца, што з цягам часу яна гэта сама зразумее.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: