
У Гомелі ў грамадска-палітычным цэнтры на вуліцы Палеская, 52 міліцыя наладзіла ператрус у межах крымінальнай справы, заведзенай супраць грамадскага актывіста, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Няпомняшчых за нібыта пагрозу супрацоўніцы пракуратуры.
Адзін са старэйшых гомельскіх палітыкаў Уладзімір Кацора лічыць, што крымінальная справа ў дачыненні да Няпомняшчых – гэта толькі нагода для новай хвалі застрашэння актывістаў і пратэстоўцаў. Падобнае назіралася і раней пасля гучных палітычных кампаній.
“Цяпер у цэнтры на Палескай многім удзельнікам пратэстаў, якія патрапілі пад дручкі сілавікоў і былі пакараныя арыштамі і штрафамі, аказваецца юрыдычная дапамога. Тут збіраюцца таксама нераўнадушныя гараджане, каб абмеркаваць сітуацыю пасля фальсіфікацыі мінулагодніх прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў. Вось улады і робяць усё, каб канчаткова нейтралізаваць пратэстныя настроі ў горадзе. Па прынцыпу вядомай вершаванай дзіцячай казкі: “Не хадзіце, дзеці, у Афрыку гуляць”, – зазначыў Кацора.
Ператрусы прайшлі таксама ў прыватным жыллі сяброў АГП Мікалая Новікава і Васіля Палякова.
“Да мяне на кватэру прыйшлі трое супрацоўнікаў міліцыі з Гомельскага раёна. У іх была ўзгодненая з пракурорам пастанова следчага на ператрус у межах крымінальнай справы Уладзіміра Няпомняшчых. У мяне забралі ноўтбук, планшэт, жорскі дыск камп’ютара і сякія-такія дзелавыя паперы”, – паведаміў журналісту “Народнай Волі” спадар Палякоў.
Прыватны ноўтбук і жорсткі дыск камп’ютара міліцыя забрала і ў Мікалая Новікава.
“Дзіўна, але чамусьці спатрэбіліся следству і мае канспекты па эканоміцы”, – дадае Новікаў.