Ператрус у гомельскім грамадска-палітычным цэнтры: за 10 гадзін забралі 304 найменні рэчаў і дакументаў

219
Леанід Судаленка ў гомельскім грамадска-палітычным цэнтры

Дзесяць гадзін цягнуўся ператрус у гомельскім грамадска-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай. Пастанова на ператрус ініцыявана следчым падпалкоўнікам юстыцыі Майсенковым у межах крымінальнай справы, заведзенай супраць грамадскага актывіста, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Няпомняшчых нібыта за пагрозу супрацоўніцы пракуратуры. Санкцыянаваў ператрус выканаўца абавязкаў пракурора Гомельскага раёна.

“Доўжыўся ператрус без перапынку з 8.30 да 18.30. Праводзілі яго чацвёра міліцыянераў пад аховай амапаўцаў. Забралі паводле вопісу 304 найменні розных рэчаў і дакументаў, у тым ліку тры сістэмныя блокі камп’ютараў, ноўтбук, нацыянальныя сцягі са сцен і дзясяткі грамадскіх спраў аб пакараных штрафамі і арыштамі, якія вёў праваабаронца Леанід Судаленка“, – распавёў відавочца Аляксандр Шумілін.

Нядаўна жонка Судаленкі патэлефанавала ў офіс, каб паведаміць, што разам з Леанідам прыехала міліцыя, каб у іх дома таксама правесці ператрус.

Уранку прайшлі вобшукі ў кватэрах сяброў АГП Васіля Палякова і Мікалая Новікава. У іх забралі прыватную камп’ютарную тэхніку, а ў Новікава яшчэ і канспекты па эканоміцы.

Адзін са старэйшых гомельскіх палітыкаў Уладзімір Кацора лічыць, што крымінальная справа ў дачыненні да Няпомняшчых – гэта толькі нагода для новай хвалі ціску і застрашэння актывістаў і пратэстоўцаў, што выступілі супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў.

Поделиться ссылкой: