Малявала на прыпынках…

295

У Скідзелі Гродзенскага раёна затрымалі Крысціну Палтавец, якая малявала на прыпынках і сценах патрыятычныя выявы. Супраць яе распачата крымінальная справа.

Крысціне 26 гадоў, яна скончыла факультэт дызайну Універсітэта імя Янкі Купалы. Выкладае маляванне ў Скідзельскай школе мастацтваў.

«Мне вельмі хацелася дапамагчы»

Крысціна чалавек адкрыты і шчыры. Размалёўваць прыпынкі і сцены яна пачала паводле сваіх перакананняў – гэтага дзяўчына не хавае.

Ёй вельмі хацелася, каб у краіне перамог пратэстны рух, але, пакуль вынікаў няма, сядзець склаўшы рукі не ў яе характары.

– Я бачыла, як на мітынгах затрымліваюць пратэстоўцаў, але нічым рэальна не магла ім дапамагчы, – кажа мастачка. – Адзінае, што магла зрабіць, каб падтрымаць тых, хто пацярпеў падчас пратэстаў, – гэта маляваць.

Свае малюнкі Крысціна пакідала ў Скідзелі, Азёрах, на прыпынках трасы М6: бел чырвона-белыя сцягі, Пагоня, бусел з распасцёртымі крыламі і надпісам “Жыве Беларусь!”…

«Так ты ставішся да міліцыі?!»

Міліцыянеры ў балаклавах у дом да Крысціны прыйшлі абсалютна нечакана. У кватэру ўваліліся адразу восем чалавек. Пабачылі фарбу, трафарэты, у кватэры было шмат нацыянальнай сімволікі.

Спачатку размаўлялі з ёй на павышаных танах.

– Адразу пачалі чапляцца да надпісу на адным з прыпынкаў “Мусару – не”: маўляў, так ты ставішся да міліцыі?! – згадвае Крысціна. – Але я ім патлумачыла, што гэтыя надпісы наносяць дарожнікі для кіроўцаў, каб яны не кідалі смецце. А я толькі дамалявала там беларускія кветкі.

Канфіскавалі два камп’ютары, тэлефоны, фарбы, трафарэты, малюнкі амаль такія ж, якія былі зроблены на прыпынках і сценах. У міліцыі Крысціна сказала, што малаявала адна і, як правіла, ноччу.

Ад яе дамагаліся прызнанняў: ці супрацоўнічае з тымі, хто развешвае ў Скідзелі бел чырвона-белыя сцягі, ці ведае тых, хто на чыгунцы побач з Жыдомляй скручвае на рэйках дрот?..

– Я пра гэта нічога не ведала і наогул супраць такіх радыкальных метадаў, – кажа Крысціна.

Малявала на прыпынках…

Артыкул 341

Разам з супрацоўнікамі міліцыі Крысціна аб’ездзіла ўсе месцы, дзе наносіла малюнкі. Усяго яна зрабіла іх 18. Частка малюнкаў, паводле яе слоў, ужо была неахайна зафарбавана.

– Дарэчы, былі месцы, дзе нехта да мяне пакінуў непрыстойныя словы, я іх зафарбоўвала і паверх рабіла свае малюнкі, – распавядае Крысціна. – А яшчэ я даведалася: калі яны мяне шукалі, то перафарбоўвалі бел-чырвона-белы сцяг у чырвона-зялёны, а потым па начах чакалі, што я прыеду гэта перапраўляць.

З назіранняў Крысціны, многія з міліцыянераў былі здзіўлены шчырасцю яе прызнанняў, асабліва тым, што яна ні за чыю спіну не хаваецца.

– Не ведаю, наколькі гэта праўда, але ад некаторых міліцыянераў чула, што іх нават пазбаўлялі прэмій за мае малюнкі, – кажа дзяўчына. – А тут раптам злавілі, і я ва ўсім прызнаюся!

Крысціне выставілі абвінавачанне паводле артыкула 341 КК – апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці. Суд яшчэ наперадзе.

Малявала на прыпынках…

«Мне не сорамна за свае малюнкі»

Акрамя таго, што Крысціна адразу прызналася ў сваіх дзеяннях, яна сказала міліцыянерам, што гатова альбо заплаціць за прычыненыя страты, альбо замаляваць тыя месцы, дзе знаходзяцца яе работы. І тут жа падкрэсліла, што ёй не сорамна за свае малюнкі.

Публікацыя – з № 1 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: