Боль і надзея

211
Фота https://www.gazeta.ru

Напэўна, цяжка знайсці чалавека, які застаўся б абыякавы да тых падзей, якія мелі месца летась у Беларусі. Настолькі імкліва ўсё змянялася, што спатрэбіцца пэўны час, каб асэнсаваць і зрабіць глыбокія вывады. Тым не менш мне хочацца спыніцца на некаторых момантах, якія, на маю думку, былі адметнымі і, упэўнены, стануць лёсавызначальнымі як для краіны ў бліжэйшай перспектыве, так і для кожнага яе жыхара.

Бадай, самая важная падзея 2020 года – выбары прэзідэнта і тыя абставіны, у якіх праводзілася палітычная кампанія. Пачну з перадвыбарнага этапу. Менавіта з ім звязаны тыя абсурдныя крокі ўлад (перашкоды на шляху збору подпісаў за кандыдатаў, зняцце з выбарчай дыстанцыі Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага і Валерыя Цапкалы), якія сталі прадвеснікамі далейшых падзей. Я асабіста ды і іншыя жыхары краіны ўбачылі знаёмы сцэнарый – прыбраць верагодных сапернікаў А.Лукашэнкі. Але зроблена гэта было настолькі прымітыўна і подла, што, акрамя агіды, нічога іншага не магло выклікаць у мяне і мільёнаў беларусаў. Аднак улады палічылі, што беларускі народ праглыне ўсё, тым больш мінулы вопыт у гэтых варунках у іх вельм вялікі.

У сітуацыі, якая складалася, мне здавалася, што найбольш аптымальны варыянт – зняцце з выбарчай дыстанцыі ўсіх астатніх кандыдатаў з мэтай пакінуць аднаго А.Лукашэнку. Я нават не сумняваўся, што і А.Дзмітрыеў, і С.Чэрачэнь зробяць менавіта так. Сумненні былі адносна Г.Канапацкай, але, меркаваў, і яна далучыцца да астатніх у гэтай высакароднай справе. Не пакідала надзея, што гэтыя кандыдаты пазней далучацца да С.Ціханоўскай. Аднак час паказаў, што я памыляўся. Тым не менш лічу, што свой палітычны імідж гэтыя асобы істотна пагоршылі, узнавіць яго практычна немагчыма.

Перыяд агітацыі ўжо сёння здаецца такім далёкім і звычайным, як быццам прайшло шмат часу. Незвычайным для мяне і грамадства сталі тыя правакацыйныя і нахабныя прыёмчыкі, пры дапамозе якіх улады імкнуліся абмежаваць камунікацыю кандыдатаў у прэзідэнты з выбаршчыкамі. Усё сведчыла аб тым, што на верхніх паверхах улады не хочуць дзейнічаць па дэмакратычных правілах і бяруць на ўзбраенне хлусню, ігнараванне законаў, правядзенне карных аперацый. Не маглі не выклікаць абурэння дзеянні Цэнтрвыбаркама па абмежаванні колькасці назіральнікаў (пра фарміраванне камісій і казаць не даводзіцца), па завешванні вокнаў на выбарчых участках і г.д.

Самі выбары асабліва не здзівілі: высокая актыўнасць выбаршчыкаў, узнятасць настрою і спадзяванне на тое, што на гэты раз галасы падлічаць сумленна. На жаль, усё адбылося горш, чым можна было прадбачыць. Хаця цяпер я разумею, што інакш і быць не магло, таму як адна хлусня цягне за сабой другую. Аднак жыццёвая мудрасць вучыць, што той, хто лічыць сябе хітрэйшым за астатніх, у рэшце рэшт сам застаецца падманутым. І тое, што А.Лукашэнка атрымаў “перамогу” з вынікам больш за 80 працэнтаў, не магло не прывесці да выбуху грамадскай актыўнасці. Чарговы раз народу не проста схлусілі, а плюнулі ў твар. Гэтага дараваць ён ужо не змог. Першай абурылася моладзь. Менавіта яна ўзняла хвалю пратэстаў, і толькі дзякуючы ёй, паводле майго глыбокага пераканання, пачалі прачынацца астатнія. Сёння ў мяне, спадзяюся, як і ў астатніх, не павернецца язык сказаць кепскае слова ў іх адрас. Іх спіны, рукі, ногі, а часам і галовы прынялі на сябе ўдары азвярэлага АМАПа. Нават мне, чалавеку сталага ўзросту, без слёз глядзець на целы пацярпелых было вельмі цяжка.

Уявіць такое раней у маёй роднай Беларусі было немагчыма. Рэспубліка, якая сама адчула на сабе, што такое фашызм, у 1941–1944 гадах, у 2020-м прадэманстравала свету, да чаго прыводзіць дыктатура адной асобы і яе імкненне захаваць уладу любым чынам. Тут шмат пытанняў. Патрэбны час, каб асэнсаваць дзеянні не толькі тых, хто збіваў і калечыў, але і тых, хто на працягу дзесяцігоддзяў адурманьваў грамадства, за народныя падаткі ўтрымліваў шматлікую армію, прама скажу, дармаедаў (АМАП, ідэолагаў, БРСМ і іншых).

Тое, што патрэбны суд над тымі, хто забіваў і калечыў грамадзян, пытанняў не выклікае. Толькі такім чынам мы можам гарантаваць, што такое дзікунства больш не паўторыцца.

Эстафету пратэстаў падхапілі жанчыны. Нізкі паклон ім за іх мужнасць і настойлівасць. І зноў улада дэманструе сваё пачварнае аблічча. Гэта ж трэба дайсці да таго, каб трымаць месяцамі за кратамі некаторых з іх толькі за тое, што выказалі нязгоду з пануючай хлуснёй і гвалтам над людзьмі! Дзе яшчэ ў свеце такое магчыма?

Не могуць нікога пакінуць раўнадушным і падзеі апошніх месяцаў. Асабіста мяне радуюць маштабы пратэстаў, іх арганізацыя і яднанне пратэстоўцаў. Па сутнасці, адбылося не толькі абуджэнне людзей, але і фарміраванне грамадзянскай супольнасці. У пратэстах удзельнічаюць практычна ўсе сацыяльныя групы насельніцтва: студэнты, пенсіянеры, інваліды, рабочыя, інтэлігенцыя і іншыя. У некаторых пратэстных акцыях браў удзел і я. Асабліва ўзрадавалі мае родныя Смілавічы, дзе ўжо некалькі месяцаў запар (па вечарах) збіраецца кола сапраўдных патрыётаў, якія патрабуюць зыходу А.Лукашэнкі, вызвалення ўсіх палітзняволеных і правядзення паўторных, ужо чэсных, выбараў.

Наступіў пераломны момант. Упэўнены, што дыктатура рухнула. Страйкі, санкцыі з боку розных краін свету не могуць не даць плёну. Аднак улады паказваюць свой звярыны выскал, яшчэ спадзеючыся на нешта. Пра краіну і яе людзей сёння яны не думаюць. Не ўкладваецца ў галаве тое, што на падтрымку А.Лукашэнкі задзейнічаны практычна ўсе сілавыя структуры. Складваецца ўражанне, што па колькасці затрыманых і асуджаных (па адміністрацыйных і крымінальных справах) Беларусь хоча стаць сусветным лідарам. Тое, што будзе забарона на друкаванне незалежных газет, у тым ліку і “Народнай Волі”, нельга было ўявіць нават у сне. Цяжка ўсвядоміць, што ёсць яшчэ асобы, якія лічаць гэта прымальным у ХХІ стагоддзі і спадзяюцца, вобразна кажучы, выйсці сухімі з вады.

Безумоўна, усё магло пайсці па іншым сцэнарыі. Не было б такой яўнай хлусні пры правядзенні выбараў, адключэння інтэрнэту, затрымання і збіцця пратэстоўцаў – не адбылося б і такога абурэння народа. Але гэта не значыць, што ўсё заставалася б па-ранейшаму. Беларусы цярплівы народ, і яны шмат гадоў заплюшчвалі вочы на “сашавы штучкі”. Аднак усяму ёсць мяжа. Гэта ж трэба настолькі не ведаць і не любіць свой народ, каб давесці яго да такога кіпення! Каб адцягнуць увагу ад злачынных дзеянняў ўлад, якія мелі месца ў апошнія пяць-шэсць месяцаў, высокія чыноўнікі і іх прапагандысты палохаюць людзей пагрозай то з Усходу, то з Захаду. На самай справе нам, беларусам, ніхто не пагражае. Самая вялікая пагроза – унутраная дыктатура.

Не трэба А.Лукашэнку прыкрывацца тым, што ён ратуе заводы і фабрыкі. Мы ўсе памятаем, якую Беларусь ён атрымаў на пачатку 1990-х. Гэта была адна з самых развітых рэспублік былога СССР. А што маем сёння? За гэты развал трэба адказваць. Байкі пра лапці і кавалак хлеба хай слухае сын Мікалай, якога тады яшчэ і на свеце не было.

Што нас чакае ў бліжэйшай будучыні? У часы пандэміі цяжка прадбачыць ход падзей. Аднак тое, што надзея на змену рэжыму ахапіла амаль усіх жыхароў краіны, не выклікае сумненняў. Рэжым рухне, але можа натварыць яшчэ шмат чаго дрэннага. Хочацца спадзявацца, што знойдуцца маральна і фізічна здаровыя людзі ў атачэнні А.Лукашэнкі, якія не дапусцяць гэтага. Пара спыніцца і зразумець, што ўсялякае зацягванне канфлікту толькі аслабляе краіну і робіць верагодным умяшальніцтва суседняй Расіі ў нашы ўнутраныя справы.

Вячаслаў САСНОЎСКІ, кандыдат геаграфічных навук, жыхар
г.п.Смілавічы Чэрвеньскага раёна.

Публікацыя – з № 1 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: