Бітва за Беларусь на… балконах

1065
Міхась Скобла

Мінулы год завяршыўся памятным судовым выракам – у Кастрычніцкім судзе Мінска была прызнана вінаватай 87-гадовая Лізавета Бурсава, якая асмелілася вывесіць бел-чырвона-белы сцяг на ўласным балконе. Суддзя Аляксандр Рудэнка прызнаў, што жанчына зладзіла недазволенае пікетаванне – “путем размещения на остекленении балкона бело-красно-белого флага”, за што і атрымала штраф 405 рублёў.

Чым кіраваўся суддзя, пазбаўляючы падсудную месячнай пенсіі? Законам? Але ў артыкуле 2 Закона “Аб масавых мерапрыемствах” нічога не гаворыцца пра сцягі на балконах! А пікетаванне там таксама трактуецца адназначна і вычарпальна: “Пикетирование – публичное выражение гражданином или группой граждан общественно-политических, групповых, личных и иных интересов либо протеста (без шествия). К пикетированию приравнивается совместное массовое присутствие граждан в заранее определенном общественном месте (в том числе под открытым небом) в установленное время для совершения заранее определенного деяния”.

Калі трымацца літары закона, то Лізавета Бурсава мусіла б спачатку ператварыць свой балкон у публічнае месца (склікаць, напрыклад, суседзяў), вывесіць транспарант з накрэсленай на ім уласнай грамадзянскай пазіцыяй, а ўжо затым атрымліваць штраф. Але нічога гэтага пенсіянерка не рабіла! І “размещение на остекленении” як правапарушэнне існуе толькі ў галаве суддзі Рудэнкі.

Яшчэ больш дзікая сітуацыя адбылася нядаўна ў Ганцавічах, дзе кватэру са сцягам на балконе міліцыя ўзламала (!) без ведама гаспадара, які быў у ад’ездзе. А паколькі сцяг на балконе не дае права ўзломваць дзверы, то была тэрмінова высунута версія, быццам у той кватэры (увага!) магло адбыцца забойства. Забойства! Яго ганцавіцкія пінкертоны прыдумалі толькі дзеля таго, каб дабрацца да сцяга. Для напалоханай народнымі пратэстамі мясцовай улады (у страху, як вядома, вочы вялікія) ён настолькі страшны, што яна гатова з гармат страляць па ненавісным палотнішчы.

І старшыня Ганцавіцкага раённага суда Уладзімір Космач не спыніў справу, не вярнуў яе “на дапрацоўку”, а на поўным сур’ёзе разгледзеў і даў штраф гаспадару кватэры. Праўда, пасля прысуду адразу ж сышоў у адстаўку. Хочацца верыць, што па настойлівай падказцы сумлення…

Як выглядае, і ў 2021 годзе нашы балконы застануцца полем своеасаблівай бітвы за новую Беларусь. Без воклічаў “ура” і лабавых атак. Без страляніны і выбухаў. Але бітвы. Упартай і доўгатрывалай, з настроем на перамогу.

Магчыма, праз пэўны час паслухмяныя выканаўчай уладзе заканадаўцы прымуць новы закон, па якім беларусы будуць пазбаўлены права спаць на чырвоных падушках і белых прасцінах. Або – насіць народныя строі (з даўніх давён бел-чырвона-белыя). Або – дарыць жанчынам на 8 Сакавіка букеты “апазіцыйных” колераў… Шмат падобных забарон можна прапісаць у тым законе – дурноцце не мае мяжы.

Дурноцце, якое ўжо мае месца ў нашым паўсядзённым прыватным жыцці. Калі пад вокнамі шматпавярховікаў, задраўшы галовы і вылупіўшы ад напругі вочы, топчуцца ўчастковыя міліцыянеры і супрацоўнікі камунальных службаў, высочваючы розныя “размещения на остекленении”, каб у смеху вартых пратаколах фіксаваць недарэчныя (нават пасля навагодняга пахмелля) “правапарушэнні”.

Гляджу я на тых таптуноў з акна і пачынаю здагадвацца, пра якія навагоднія падарункі яны думалі. Пра цэйсаўскія біноклі з добрай оптыкай. Спалі і марылі, каб ім Дзед Мароз пад елачку паклаў. Не дубінкі з кайданкамі, не мётлы двары падмятаць, а – біноклі. Бо па распараджэнні ўлады гэтыя “служывыя” людзі павінны днём і ноччу сачыць, каб у нашых з вамі вокнах крый Божа не з’явілася штосьці, што можна патрактаваць як апазіцыйную сімволіку.

А патрактаваць у такім рэчышчы можна што заўгодна. Скажам, сушацца на балконе, перапрашаю, трусы, але вісяць яны ў падазроным парадку – злева і справа белыя, а пасярэдзіне чырвоныя. Значыць, гэта ўжо не трусы, а сцяг! Свістаць усіх наверх! Або, напрыклад, наклеілі дзеці на шыбы сняжынкі-выцінанкі – у тым самым колеравым спалучэнні. Ды яшчэ надпіс бел-чырвона-белымі літарамі дадалі: “З Новым годам і Калядамі!” А гэта ўжо цягне на поўнамаштабную ідэалагічную дыверсію. Сняжынкі тыя належыць неадкладна садраць, сашкрэбці і ўнесці ў пратакол! Прыкладна ў такой вартай дзіцячай чытанкі форме: “Сняжынка + сняжынка = пікет”…

Вось у такіх клопатах і праходзяць працоўныя навагоднія будні беларускіх міліцыянераў і камунальнікаў. А балконаў тых падазроных – безліч, а знаходзяцца яны часам на дзясятым-шаснаццатым паверсе. Не толькі шыю скруціш, назіраючы, але і вочы пасадзіш, прыглядаючыся, як там трусы са шкарпэткамі вісяць…

Вы думаеце, я перабольшваю? Зусім не. Вунь сталічны Заводскі РАУС нават адмысловую інструкцыю выпусціў, паводле якой размешчаныя ў вокнах “вещи по схеме б-ч-б” падлягаюць “незамедлительному снятию”.

І тут мне прыгадваецца падгледжаная з жыцця карцінка. Днямі ў кнігарні адна пакупніца голасна абурылася выстаўленымі на продаж партрэтамі прэзідэнта, маўляў, здымайце са стэлажа, ён жа не кніга. Рэакцыя прадавачкі была імгненнай: “Яго не адсюль трэба здымаць”. І якім жа не лішнім пры тым адказе выглядала б слова з працытаванай міліцэйскай інструкцыі: незамедлительно…

Публікацыя – з № 1 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: