Анатоль Паўлаў: Сапраўдны рэктар ніколі не здасць свайго студэнта

577
Анатоль Паўлаў
Фота https://www.racyja.com

Экс-прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў выказаўся пра тое, як падчас і пасля выбараў некаторыя педагогі апусцілі свой аўтарытэт сярод студэнтаў “ніжэй плінтуса”.

Анатоль Паўлаў: Я бачыў, як некаторыя выкладчыкі ВНУ стаялі сцяной за сваіх студэнтаў, але, на жаль, убачыў і шмат нізкіх учынкаў. Памятаеце, як у Мінскім лінгвістычным універсітэце выклікалі АМАП, каб сілавікі забралі студэнтаў? Гэта жах! Паспрабаваў бы нейкі паліцэйскі ў Францыі зайсці на тэрыторыю ўніверсітэта. Там гэтая тэрыторыя – табу для ўсіх сілавікоў. А ў нас кіраўніцтва ВНУ само запрашала АМАП, каб тыя збівалі студэнтаў.

РР: У вашы часы такіх выпадкаў не было?

Анатоль Паўлаў: Я ўспамінаю, што ў 1996 годзе студэнты таксама актыўна далучаліся да вулічных акцый пратэсту, з БДУ на акцыі хадзілі цэлыя факультэты. Была бойка з міліцыяй у Мінску, КДБэшнікі ўсё гэта здымалі на камеру. Натуральна, павінен быў адрэагаваць на ўдзел студэнтаў у акцыі і рэктарат БДУ. Нас – прарэктараў, дэканаў – сабралі ў кабінеце рэктара Фёдара Мікалаевіча Капуцкага, сілавікі нам круцілі фільм і пыталіся, ці пазнаем мы там сваіх студэнтаў. І мы нікога не пазналі! Ды і КДБісты, відаць, зразумелі, што нікога не здадзім. А вы паглядзіце, што зараз творыцца! Не можаце абараніць сваіх навучэнцаў, дык самі пакіньце пасаду. Гэта не ваша месца. Сапраўдны рэктар ніколі не здасць свайго студэнта. А калі вы прыйшлі на цёплае месца і добры аклад, то не туды патрапілі. І, шчыра скажу, мне сёння на многіх педагогаў проста сорамна глядзець.

РР: А ім, на ваш погляд, ці сорамна глядзець сваім вучням і студэнтам у вочы?

Анатоль Паўлаў: На жаль, за апошнія гады ў педагагічнай сферы адбылася сур’ёзная трансфармацыя кадраў. Раней быў вельмі жорсткі прафесійны адбор, высокія пасады ў ВНУ займалі лепшыя вучоныя, якія былі добра вядомыя ў гэтым ВНУ. Яны перажывалі за сваю навучальную ўстанову ўсёй душой. А гэтыя дзеячы што скажуць сваім студэнтам, унукам і праўнукам? Бо ўсё роўна не сёння дык заўтра, але сітуацыя ў краіне зменіцца. Скажуць, што іх прымусілі так паступаць? Прабачце, але сумленнем не гандлююць.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: