Фота з адкрытых крыніц

30 снежня Нацыянальны алімпійскі камітэт бадзёра даў справаздачу, што ліст спартсменаў у падтрымку дзейнай улады падпісала пяць тысяч чалавек. Пяцітысячнай падпісанткай стала экс-гімнастка Антаніна Кошаль, залатая медалістка Алімпійскіх гульняў 1972 года.

Спартыўны сайт “Трибуна” заўважыў, што дзесьці з 4700-х нумароў у спісе сталі часта сустракацца падпісанты, у каго ў графе дасягненняў значылася “спартсмен-аматар”. На апошнія тры сотні запісаў такіх — ажно 117. Еўрарадыё вырашыла паглядзець, што за “аматары” падпісаліся пад лістом спартсменаў і ці маюць яны наогул нейкае дачыненне да спорту.

Аматары з райвыканкама

У лік першых падпісантаў ліста як спартсмены-першаразраднікі трапіў цэлы пачак чыноўнікаў са Светлагорска. Не падвёў Светлагорскі раён і на дыстанцыі ў апошнія 300 подпісаў. Гэтым разам у спісе знайшоўся старшыня Светлагорскага райвыканкама Дзмітрый Алейнікаў (№4852), а вакол яго — россып чыноўнікаў-аматараў. Тут амаль усе: кіраўнік спраў Вячаслаў Дзікун, кіраўнік аддзела па рабоце са зваротамі Алена Швец, начальнік фінансавага аддзела Святлана Казімярчук і яе намесніца Святлана Клімянок. Тры “Наталлі” з аддзела адукацыі: Наталля ШацілаНаталля Салавей і Наталля Шастакова. Кіраўнік ідэалагічнага аддзела Ала Манькевіч, яе намесніца Марына Гравюшава і галоўны спецыяліст аддзела Ірына Шынкарэнка. Дзве супрацоўніцы аддзела арганізацыйна-кадравай работы — Юлія Ісаенка і Ірына Ембулаева.

300 “спартоўцаў”: ліст у падтрымку Лукашэнкі падпісваюць нават прыбіральшчыцы

Тут жа — Готсднір Наталля (Наталья) Алегаўна (№4850). Чалавека з такім прозвішчам Google не ведае. Затое ведае Наталлю Готсдынер (Наталию Готсдинер), выкладчыка дзіцячай школы мастацтваў у Чыркавічах, аграгарадку ў Светлагорскім раёне. І тут адразу два пытанні:

1. Што выкладчык школы мастацтваў робіць у спісе спартсменаў?

2. Пры якіх абставінах Наталля Алегаўна пакінула свой подпіс пад спісам, калі нават не змагла правільна напісаць свае імя і прозвішча?

Загадчык гаспадаркі — баскетбаліст з Скідзеля

Адзначылася і Скідзельская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Яна запісала 24 свае супрацоўнікі ў “баскетбол”. Ніякіх разрадаў і спартыўных дасягненняў. Толькі кароткі подпіс “спецыяліст Скідзельскай ДЮСШ”. Хто сярод іх? Дырэктар Аляксандр Фурманаў, супрацоўніца аддзела кадраў Паліна Сінкевіч, бухгалтары Аксана Саўко і Вераніка Чабатарэвіч, намеснік дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце Сяргей Жытко і яшчэ 19 супрацоўнікаў школы, пра якія нічога не вядома.

300 “спартоўцаў”: ліст у падтрымку Лукашэнкі падпісваюць нават прыбіральшчыцы

Цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі “Стайкі” запісаў 16 супрацоўнікаў у раздзел “адзінаборствы”. Сярод іх начальнік вучэбна-спартыўнага аддзела Валерый Цімаховіч, вядучы юрысконсульт Алена Бондар і Галіна Гучак, якая была ў складзе выбаркамаў з прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. І яшчэ 13 розных работнікаў цэнтра.

300 “спартоўцаў”: ліст у падтрымку Лукашэнкі падпісваюць нават прыбіральшчыцы

І зноў Светлагорск. Самы спартыўны раён!

Знайшліся сярод “спартсменаў” і супрацоўнікі светлагорскай міліцыі. Падпісантамі ліста сталі кіраўнік РАУС Аляксандр Зязетка, яго першы намеснік начальніка аддзела Дэпартамента аховы Аляксей Марочка і намеснік па ідэалагічнай рабоце Аляксей Матусевіч.

Ёсць сярод падпісантаў і сябры Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі: старшыня Светлагорскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ларыса Вяраксіч, кіраўнік раённага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Клімянок, аграпрамысловага комплексу Міхаіл Новік.

300 “спартоўцаў”: ліст у падтрымку Лукашэнкі падпісваюць нават прыбіральшчыцы

Прыбіральшчыцы з клюшкамі з Ліды

Лідская ДЮСШ запісала 24 свае супрацоўнікі ў “хакей з шайбай”. Сярод іх бухгалтар Ларыса Дубатоўка, інжынер Барыс Буйко і дзве прыбіральшчыцы Алена Нос і Яніна Іодка.

Тут, вядома, нейкая нестыкоўка. Чаму прыбіральшчыц запісалі ў хакей? Трэба было ў кёрлінг!

Чым бліжэй быў запаветны “пяцітысячны” подпіс, тым больш у спісе з’яўлялася дзіўных “падпісантаў”. Прыбіральшчыцы, інжынеры, супрацоўнікі МУС. Адзначыліся сярод “апошніх трохсот” і кіраўнікі “Чыжоўка-Арэны”: начальнік аховы Ігар Жораў, намеснікі гендырэктара Станіслаў МаксімовічАндрэй Карабанюк і Павел Сцяпанаў, начальніца аддзела арганізацыі спартыўных мерапрыемстваў Таццяна Сокарава.

Сярод падпісантаў апынуўся нават ветэрынарны лекар “ГАЦАР па прыкладных відах спорту” Уладзімір Патылкін (№4222). А жывёл за што?

Поделиться ссылкой: