
Са спартыўнай беларускай газеты “Прессбол” звольніўся намеснік галоўнага рэдактара Дзмітрый Беленькі. Ён працаваў у выданні ад часу яго заснавання — роўна 30 гадоў. Раней з “Прессбола” сышла група журналістаў — Уладзімір Пірог, Сяргей Мардасевіч, Сяргей Шчурко (працаваў пазаштатна), Сяргей Малышка. Прычынай гэтага стала прызначэнне пры ўдзеле Беларускай федэрацыі футбола (аднаго з акцыянераў) галоўным рэдактарам карэспандэнта тэлеканала АНТ Сяргея Лісічкіна і ўвядзення забароны на “палітыку”.
У канцы 2020 года з пасады галоўнага рэдактара газеты сышоў Дзмітрый Герчыкаў, які прапрацаваў пяць месяцаў. Калектыў рэдакцыі прапаноўваў на яго месца сваіх журналістаў, але Беларуская федэрацыя футбола выступіла супраць гэтага. У выніку выданне ўзначаліў Лісічкін.
