Новы год “на сутках”: у 23:34 увесь паверх пачаў крычаць “Сыходзь!”

583
У камеры ізалятара часовага ўтрымання
У камеры ізалятара часовага ўтрымання / фота Еўрарадыё носіць ілюстрацыйны характар

Багаты на падзеі 2020 год некаторым беларусам давялося праводзіць не ў сямейным коле. Паводле інфармацыі валанцёрскага тэлеграм-канала “Списки задержанных”, у навагоднюю ноч “на сутках” заставаліся каля 180 асуджаных па артыкуле 23.34 КаАП — за “парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства”.

Як гэта было? Пра гэта Еўрарадыё расказаў Аляксей Галанаў, які сустракаў Новы год “на сутках” у ізалятары часовага ўтрымання ў Жодзіне. Хлопцу 19 гадоў, ён першакурснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Увечары 19 снежня АМАП затрымаў Галанава ў сталічным мікрараёне Малінаўка. Пасля 15 сутак ён вызваліўся 3 студзеня.

“Спісаліся ў суботу ў дваровым чаце — вырашылі выйсці прагуляцца. Сабралася чалавек дзесяць, пачалі фатаграфавацца з БЧБ-сцягам. Ну і калі разыходзіліся, нас ужо “сустрэлі”, — успамінае Аляксей.

Затрыманых адвезлі спачатку ў Маскоўскае РУУС, а потым — у ізалятар у завулку Акрэсціна: “Нам яшчэ ў РУУС казалі, маўляў, дарма пайшлі — цяпер Новы год адзначыце ў турме”.

Прадказанне супрацоўнікаў РУУС спраўдзілася: у панядзелак, 21 снежня, у судзе Маскоўскага раёна Аляксея асудзілі на 15 сутак. Адбываць адправілі ў Жодзіна.

“У камеры было дзесяць чалавек. Нас ніяк не інфармавалі — самі адлічвалі дні. Было цяжка сарыентавацца па часе, таму што святло гарэла круглыя суткі. Час перыядычна казаў толькі кухар, які ежу раздаваў, а вось ахоўнікі маўчалі намёртва. Сняданак а шостай раніцы, абед — прыкладна з 12 да 13, і вячэра — прыкладна а шостай вечара. Вось толькі дзякуючы кухару мы хоць неяк арыентаваліся па часе”, — расказвае Аляксей.

Як жа сустракаюць Новы год “на сутках”?

“Тое, што было 31-е чысло, мы ведалі. Нам 30-га, у чацвер, павінны былі перадаць перадачкі, але перадалі толькі на наступную раніцу. І як расказалі потым сваякі, пасылка была большая, чым мы атрымалі. З перадачак мы сабралі невялікі святочны стол: нарэзка, мяса, каўбасы. А дзясятай вечара, калі павінен быў быць адбой, мы селі за стол. Такім чынам адзначылі. Пасля чаго (як разумею, гэта было прыкладна ў 23:34) увесь паверх пачаў крычаць “Сыходзь!”, “Жыве Беларусь!”, “З Новым годам!” — з суседніх камер было чуваць, мы таксама падтрымалі.

Ахоўнікі спачатку бяздзейнічалі, потым спрабавалі ўсіх супакоіць — стукалі па дзвярах, крычалі “Вас усё роўна ніхто не пачуе”. Нікога гэта не спыніла: мы хвілін 15-20 пакрычалі. Ну і дзесьці да поўначы пачулі салюты, як удалечыні, так і практычна каля турмы. Як мы думаем, хтосьці ў нашу падтрымку запускаў.

Пасля 12 чулі, як адзін з ахоўнікаў крычаў “З Новым годам!”. Але я без паняцця, нам ён крычаў, усім ці толькі іншым ахоўнікам”.

3 студзеня каля брамы ізалятара хлопца сустрэлі сваякі і дзяўчына. Пра тое, што давялося сустрэць Новы год “на сутках”, Аляксей не перажывае: “Усё роўна не было нейкіх асаблівых планаў”.

2021 год у няволі таксама сустрэлі 169 чалавек, якіх беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі. Некаторыя з іх — напрыклад, Сяргей Ціханоўскі — прабылі ў зняволенні ўжо больш за сем месяцаў.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: