Апазіцыянера з Гомеля вінавацяць у пагрозе службовай асобе. Адвакат патрабуе змяніць яму меру стрымання

296
Уладзімір Няпомняшчых

Грамадскаму актывісту пенсіянеру МУС Уладзіміру Няпомняшчых з Гомеля следства выставіла абвінавачванне на падставе артыкула 366 Крымінальнага кодэкса – гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы пры выкананні. Цяпер ён утрымліваецца ў гомельскім СІЗА на вуліцы Кніжнай, 68-гадоваму былому афіцэру міліцыі пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Уладзіміра Няпомняшчых выклікалі ў гарадскі Следчы камітэт 23 снежня, а пасля прывезлі пад вартай на кватэру і зрабілі вобшук – забралі камп’ютар ды іншыя электронныя носьбіты інфармацыі. У той жа дзень Уладзіміра афіцыйна затрымалі і адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а пасля перавялі ў СІЗА.

Падставай для затрымання стаў эпізод у судзе Цэнтральнага раёна, дзе 26 лістапада суддзя Салоўскі агучыў прысуд Георгію Васіленку (два гады “хіміі”) у крымінальнай справе за ўзняты на флагштоку на цэнтральнай плошчы бела-чырвона-белы сцяг замест афіцыйнага чырвона-зялёнага. Фінальную стадыю ў судзе здымалі на фота- і відэакамеры журналісты.

Апазіцыянера з Гомеля вінавацяць у пагрозе службовай асобе. Адвакат патрабуе змяніць яму меру стрымання
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля
Аб'яўляецца прысуд Георгію Васіленку. Фота аўтара
Аб’яўляецца прысуд Георгію Васіленку

Уладзімір Няпомняшчых адрэагаваў на толькі што агучаны прысуд фразай у бок праваахоўнікаў і штосьці дадаў пра адказнасць перад законам. Памочніца пракурора Алеся Жураўлёва, якая падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачанне, расцаніла гэта як пагрозу ў свой бок.

Апазіцыянера з Гомеля вінавацяць у пагрозе службовай асобе. Адвакат патрабуе змяніць яму меру стрымання
Алеся Жураўлёва ў зале суда

Адвакат актывіста Сяргей Красноў паведаміў, што ў абвінавачванні не прыводзяццца словы, сказаныя Уладзімірам на адрас дзяржаўнага абвінаваўцы.

“Сёння я падаў скаргу следчаму на меру стрымання Уладзіміру. Яна мусіць быць разгледжана цягам 72 гадзін. Лічу, што ўтрымліваць надалей Няпомняшчых пад вартаю неапраўдана жорстка”, – кажа  адвакат Красноў.

У горадзе Уладзіміра Няпомняшчых ведаюць як чалавека, які ўлетку часцяком ходзіць у майцы з надпісам “За Беларусь без Лукашэнкі”. Да 1992 года Уладзімір працаваў у транспартнай міліцыі ў аддзеле барацьбы з эканамічнымі злачынствамі і звольніўся ў запас па стану здароўя. Займаўся прадпрыймальніцтвам, пакуль яго дробны бізнес не здушылі праверкамі і штрафамі. Уладзімір уступіў у шэрагі апазіцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі, балатаваўся ад АГП кандыдатам у дэпутаты на парламенцкіх выбарах 2016 і 2019 гадоў.

За палітычную дзейнасць Няпомняшчых шматкроць арыштоўвалі і штрафавалі. Неаднаразова яго затрымлівалі прэвентыўна перад паездкамі на акцыі пратэсту ў Мінск.

У мінулым годзе на прэзідэнцкіх выбарах Няпомняшчых вылучаўся “кандыдатам пратэсту” па спісе апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча. Выбарчую кампанію ён скарыстаў, каб сабраць ахвочых гамяльчан дзеля назірання за галасаваннем непасрэдна на выбарчых участках. Калі назіральнікаў не дапусцілі на ўчасткі, Уладзімір з паплечнікамі стаў назіраць за галасаваннем каля ўчастка праз акно. Падчас выбарчай кампаніі і пасля яе актывіста тройчы арыштоўвалі.

У лістападзе ён вывесіў у акне сваёй кватэры два бел-чырвона-белыя сцяжкі, плакаты “Свабоду Ціханоўскаму!” і “Свабоду Статкевічу!”, а таксама невялікі плакацік з надпісам, які абразіў прадстаўнікоў гомельскай міліцыі. За такое “палітычнае мастацтва” Уладзімір атрымаў 5 сутак адміністрацыйнага арышту. З міліцэйскага пратакола вынікала, што Няпомняшчых “размясціў надпіс, які парушае грамадскі парадак і спакой грамадзян”.

Поделиться ссылкой: