
Супрацоўніца Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы звольнілася па меркаваннях сумлення. Так Таццяна Кузняцова выказала салідарнасць з айцом Сяргеем Лепіным – былым прэс-сакратаром БПЦ, які сыйшоў з інфармацыйнай службы ў канцы лістапада, паведамляе “Еўрарадыё”.
Прыблізна тады ж заяву напісала і Таццяна. Прайшоў месяц, і яе абавязкі перад працадаўцам вычарпаныя.
“Мой сыход абумоўлены салідарнасцю з айцом Сяргеем Лепіным, звольненым з пасады прэс-сакратара Беларускай праваслаўнай царквы пасля смелага выказавання пра знішчэнне народнага мемарыяла Рамана Бандарэнкі, і немагчымасцю далей ісці на кампрамісы з сумленнем. Пра гэта я казала цалкам адкрыта, у тым ліку Экзарху”, – напісала ў Фэйсбуку пра сваё рашэнне Кузняцова.
На сайце Мінскай епархіі БПЦ Church.by яе імя дагэтуль ёсць у раздзеле “Кантакты”. Таццяна Кузняцова ўказаная там як адна з супрацоўніц сайта.