Бюро Дзярждэпартамента ЗША заклікала ўлады Беларусі спыніць гвалт і затрыманне невінаватых

431
Эмблема Дзярждэпа ЗША. Фота з адкрытай крыніцы
Эмблема Дзярждэпа ЗША. Фота з адкрытай крыніцы

Неадкладна вызваліць усіх несправядліва затрыманых у Беларусі заклікала бюро ў пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША, паведамляе “Радыё Свабода”.

«Мы разам з беларускім народам… Беларускія ўлады павінны неадкладна спыніць гвалт і затрыманне невінаватых», – падкрэсліваецца ў звароце бюро, які цытуе агенцтва БелаПАН.

Бюро прапанавала падчас святкавання Новага года «ўспомніць пра палітвязняў, несправядліва затрыманых у Беларусі за адстойванне свабоды». «Мы аддаём належнае іх негвалтоўнай барацьбе за правы чалавека і дэмакратычную будучыню сваёй краіны», – падкрэсліваюць у знешнепалітычным ведамстве ЗША і адзначаюць, што не маюць магчымасці сустрэць Новы год дома больш за 160 беларускіх палітвязняў.

Бюро прыводзіць выказванне Вадзіма Жаромскага – мужа каардынатаркі валанцёрскай службы незарэгістраванага праваабарончага цэнтра «Вясна» Марыі (Марфы) Рабковай, якая знаходзіцца пад вартай: «Я падзяляю мару многіх. Мы ўсе хочам аднаго: спыніць знішчэнне нашай краіны».

Валанцёрская служба «Вясны» паведамляе, што бюро Дзяржаўнага дэпартамента распачало кампанію па вызваленні Рабковай, а ўрад ЗША будзе ўважліва сачыць за яе лёсам.

Рабкова была затрыманая 17 верасня 2020 года. Яна з’яўляецца абвінавачванай па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (навучанне альбо іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках) і знаходзіцца ў СІЗА № 1 Мінска. Тэрмін утрымання Рабковай пад вартай працягнуты да 17 студзеня.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: