Добруш. Фота аўтара
Добруш. Фота аўтара

Маці дваіх дзяцей Наталлю Гаршунову з Добруша суддзя Алег Васюкоў аштрафаваў за ўдзел у жнівеньскім шэсці на 405 рублёў яшчэ ў кастрычніку. Да справы былі далучаны міліцэйскія здымкі прагулкі жыхароў райцэнтра на праспеце Міра і адміністрацыйны пратакол з міліцыі на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП.

Наталля Гаршунова. Фота аўтара
Наталля Гаршунова. Фота аўтара

Маладая маці аспрэчвала ў абласным судзе пастанову аб штрафе, вынесеную, як на здзек, у дзень яе нараджэння. Аднак суд не задаволіў скаргу.

“Я ў дэкрэтным адпачынку, гадую меншую дачку. Сродкаў, каб аплаціць штраф, у мяне няма. 23 снежня судовы выканаўца Ірына Патапенка ўзбудзіла выканаўчую справу, на падставе якой у мяне забралі дзяржаўную дапамогу на дзяцей. Прычым не па частках, а ўсю адразу. Чатырыста рублёў я атрымліваю на меншую дачку, усе іх забралі. Яшчэ каля сарака рублёў судовай пошліны засталася вінная фінаддзелу райвыканкама. Такі вось навагодні падарунак падрыхтавалі мне ўлады. Я напісала заяву, што не мелі права забіраць дапамогу на дзяцей. Абяцалі вярнуць”, – кажа Наталля Гаршунова.

У падобную сітуацыю патрапіў і 57-гадовы настаўнік з Добруша Ігар Грыневіч. Ён інвалід Савецкай арміі 3-й групы, быў паранены ў маладосці на вучэннях, працаваў апошнім часам настаўнікам хіміі і біялогіі ў Ніўскай базавай школе.

Ігар Грыневіч. Фота аўтара
Ігар Грыневіч. Фота аўтара

10 кастрычніка Ігар Міхайлавіч апрануў касцюм, гальштук і выйшаў на вуліцу Леніна. На плячах у яго быў бел-чырвона-белы сцяг.

“Я спецыяльна прыбраўся, каб не казалі, што з нацыянальным сцягам ходзяць “наркаманы” ды “прастытуткі”. Да таго ж пад гэтым сцягам прымаў прысягу ў 1994 годзе Аляксандр Лукашэнка. Быў дзень горада, і я віншаваў гараджан з вызваленнем нашага райцэнтра ад захопнікаў. Мяне забралі ў міліцыю”, – распавёў журналісту “Народнай Волі” настаўнік Грыневіч.

Трое сутак ён правёў у ізалятары, а 13 кастрычніка суддзя Cвятлана Лук’янава на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП аштрафавала настаўніка Грыневіча на 540 рублёў, як сказана ў пастанове, за “публічнае выражэнне пратэсту з выкарыстаннем бел-чырвона-белага сцяга… у частцы нязгоды з праведзенымі выбарамі”. Сведчылі супраць настаўніка міліцыянеры Цыганкоў і Сныткін, якія яго і затрымлівалі.

Пасля інцыдэту са сцягам аддзел адукацыі звольніў настаўніка з працы.

У лістападзе Ігар Грыневіч заплаціў адну базавую велічыню з дваццаці, накладзеных на яго ў якасці штрафу за не дазволенае райвыканкамам масавае мерапрыемства.

Пры канцы другой дэкады снежня настаўнік прыйшоў у мясцовы цэнтр банкаўскіх паслуг Белаграпрамбанка, дзе на яго асабістым валютным рахунку ляжала невялікая сума ў еўра, якую ашчаджала маці.

“Вольных грошай у мяне не было. Хацеў выплаціць штраф, а потым закласці свае, каб не крыўдзіць старэнькую маці. Але ў банку мне сказалі, што грошы зняць нельга – уклад без адклікання. А на днях даведаўся, што з майго рахунку спісаны 179 матчыных еўра на штраф – на падставе пастановы судовага выканаўцы Патапенкі. Мне самому зняць нельга, а прымусова на штраф – калі ласка”, – здзіўляецца настаўнік.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: