Уладзімір Някляеў. Фота з адкрытай крыніцы
Уладзімір Някляеў. Фота з адкрытай крыніцы

Вядомы беларускі паэт і палітык, экс-кандыдат у прэзiдэнты Уладзімір Някляеў павіншаваў беларусаў з Новым годам і Калядамі:

Са святам, маці Беларусь!
Ад Воршы да Гародні
Як плашчаніца, твой абрус
Калядна-навагодні.
Са святам, грамада! Народ!
Пад чарак звон крыштальны
Праводзім пераломны год,
Сустрэнем – вызначальны.
Нялёгкі шлях чакае нас
Да волі цераз церні,
Але назад наш шлях, наш час
Ніхто ўжо не паверне!
Ён пакладзецца праз вякі!..
З яго
брыдой
ва ўсе бакі
Па чорных сваіх справах
Паразбягуцца пацукі
Ды чэрці ў балаклавах.
І вырваўшы сябе з турмы
Да сонца на ўзыходзе,
Ніколі не забудзем мы
Нікога з тых, хто ў час чумы
Аддаў жыццё свабодзе!
Мы новы пабудуем дом
Не пасярод пустыні,
А там, дзе свята зберажом
Усе свае святыні.
Мы смецце выкінем і друз,
Мы зробім дом багатым, –
І ў вольным свеце Беларусь
Паўстане
нашым
святам!

Поделиться ссылкой: