Доўск. Фота аўтара
Доўск. Фота аўтара

Больш як два дзясяткі пасажыраў міжгародніх рэйсаў, што транзітам едуць праз аўтастанцыю Доўск, падпісалі калектыўны ліст у Гомельскі аблвыканкам. Яны просяць выканаўчы камітэт зладзіць афіцыйны аўтапрабег з заездам у Доўск на аўтастанцыю.

“Можа, у такім выпадку “Гомельаблаўтатранс” разам з Рагачоўскім райвыканкамам парупяцца пра аднаўленне тут прыбіральні. Бо транзітныя пасажыры бегаюць спраўляць неадкладную патрэбу “за кантэйнеры”. Мужчыны яшчэ так-сяк спраўляюцца, а жанчынам проста бяда. Гэта сорам і здзек з людзей у XXI стагоддзі”, – распавядае адзін з падпісантаў, жыхар Магілёва Аляксей Паўлоўскі, які часцяком наведвае малую радзіму ў Кармянскім раёне.

Аўтастанцыя ў Доўску. Фота аўтара
Аўтастанцыя ў Доўску. Фота аўтара

Ён дадае, што аўтавакзал тут здалі ў арэнду пад крамы і склады, у прыбіральні адгарадзілі адно “месца”, каля якога заўсёды ўзнікалі чэргі пасажыраў падчас кароткіх прыпынкаў аўтобусаў. Зараз з прычыны нейкіх непаладак зачынілі і “ўрэзаную” прыбіральню.

У мінулым годзе тут наогул скасавалі і білетную касу. Людзі стаялі на холадзе, чакаючы патрэбны аўтобус. Жыхары Доўска і транзітныя пасажыры напісалі калектыўны зварот прэзідэнту ЗША, каб ён прыслаў у іх аграгарадок вігвам, скрыню для смецця і лаўку. Пра гэта паведаміў спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”. Касы пасля перапынку зноў адкрылі.

Пісаць Трампу другі раз наконт прыбіральні не з рукі, бо ён у лістападзе прайграў на выбарах і здае паўнамоцтвы пераможцу ад дэмакратаў. А вось аўтапрабег з удзелам афіцыйных асоб і заездам у Доўск на аўтастанцыю, пэўна, дапамог бы пасажырам пераадолець дарожныя пакуты.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: