Фота з адкрытай крыніцы
Фота з адкрытай крыніцы

Адыходзячы год шмат у чым арыгінальны і непаўторны. Асабліва ён непаўторны для беларускай эканомікі. “Радыё Свабода” гартае беларускую статыстыку і спрабуе знайсці там пазітыў.

Негатыў

59 мільярдаў даўгоў

На 1 лістапада гэтага года запазычанасць усіх беларускіх арганізацый складала 59,5 мільярда рублёў. У тым ліку пратэрмінаваная запазычанасьць – 7,5 мільярда, ці 12,7% ад агульнага доўгу.

Мінус 447 мільёнаў долараў укладаў

Пасля жнівеньскіх падзей беларусы пачалі масава забіраць грошы з банкаў. На верасень, паводле статыстыкі Нацбанка, на ўкладах было 4,9 мільярда долараў. У параўнанні са жніўнем гэтая лічба скарацілася на 447 мільёнаў долараў. Значыць, беларусы забралі з укладаў амаль паўмільярда.

Дзяржаўны доўг – плюс 22,4%

З пачатку года дзяржаўны доўг Беларусі вырас на 13 мільярдаў рублёў, ці на 22,4%. У студзені ён складаў 44 мільярды рублёў, цяпер – 57,9 мільярда.

Замежны доўг вырас да 18 мільярдаў долараў і цяпер складае траціну ад ВУП Беларусі.

Замежны гандаль – мінус 8 мільярдаў долараў

За восем месяцаў сёлета замежнагандлёвы таваразварот скараціўся на 17,7% і склаў 44,7 мільярда рублёў. Ён зменшыўся амаль на 8 мільярдаў долараў. Экспарт з Беларусі знізіўся на 16,2% і склаў 22,9 мільярда. Змяншэнне – на 3,7 мільярда.

Рубель патаннеў на 18%

1 студзеня гэтага года долар, паводле Нацбанка, каштаваў 2,1 рубля. Цяпер долар каштуе 2,57 рубля, беларускі рубель «прасеў» на 18% з пачатку года.

Пазітыў (але не заўжды)

Сярэдні заробак павялічыўся на 181 рубель

Са студзеня па лістапад сярэдні заробак вырас на 181 рубель і цяпер складае 1300 рублёў. У студзені ён быў 1118 рублёў. Але ў доларавым эквіваленце заробак страціў. Калі ў студзені ён складаў 532 долары, то цяпер толькі 505 – упаў амаль на 30 долараў.

Шэнген патаннеў да 35 еўра

З 1 лістапада гэтага года шэнгенская віза для беларусаў стала каштаваць 35 еўра (раней было 60 еўра). Ад гэтай даты набыла моц дамова аб рэадмісіі паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.

Згодна з пагадненнем, Беларусь абавязваецца прымаць на сваю тэрыторыю грамадзян, якія парушылі ўмовы ўезду на тэрыторыю ЕС або ўмовы знаходжання ў ЕС.

За мяжой купілі больш беларускай малочкі

Нягледзячы на агульнае зніжэнне экспарту з Беларусі, некаторыя беларускія прадукты сталі купляць больш. Са студзеня па кастрычнік малочных прадуктаў з Беларусі прадалі на 2 мільярды долараў. Летась на гэтым зарабілі 1,94 мільярда долараў.

Больш за 6 мільёнаў долараў на дапамогу пацярпелым да і пасля выбараў

З жніўня на дапамогу беларусам, якія пацярпелі ад гвалту сілавікоў, збіраюць грошы адразу некалькі фондаў. За гэты час у фонды прыйшло ахвяраванняў на больш як 6 мільёнаў долараў. Пяць з іх, паводле статыстыкі фондаў, ужо пайшлі на дапамогу пацярпелым, выплаты штрафаў, падтрымку звольненым рабочым, дзеячам культуры і спартсменам.

Больш за 2,5 мільёна беларусаў абышлі блакіраванне інтэрнэту

З 9 жніўня ў Беларусі пачалі адключаць інтэрнэт, а людзі сталі актыўна карыстацца VPN і ананімайзарамі. Толькі сэрвісам Psiphon скарысталіся 2,5 мільёна беларусаў – палова дарослага насельніцтва.

Ёсць у гэтым і негатыўны момант. Праз адключэнне інтэрнэту ў жніўні панеслі страты многія ІТ-кампаніі, некаторыя з іх пасля прынялі рашэнне аб пераводзе бізнэсу ў іншую краіну.

Поделиться ссылкой: