Валянціна Зелянкевіч. Фота: Instagram

Чэмпіёнка Беларусі па трыятлоне 2019 года, якая пазбавілася працы ў Беларусі і вымушана была з’ехаць у Расію, распавяла “Народнай Волі”, як яна захварэла ў Маскве “новым каранавірусам”.

Валянціна Зелянкевіч пасля выбараў актыўна выказвала сваю грамадзянскую пазіцыю, пасля чаго, паводле яе слоў, ёй сталі паступаць рэальныя пагрозы.

– Я не разумею, які матыў у людзей пагражаць іншым, але факт застаецца фактам, – кажа спартсменка. – Так, я не хавала сваіх поглядаў. Здаецца, усім нармальным людзям было зразумела, супраць чаго пратэстуе народ: супраць хлусні і жадання зрабіць іншых нямымі ідыётамі. Я ідыётам сябе не лічу і за тры капейкі сумленне не прадаю.

У кастрычніку Валянціна з’ехала ў Маскву. Там спрабавала знайсці працу, але захварэла і толькі на днях выпісалася з бальніцы, дзе лячылася ад каранавіруса.

– Хвароба развівалася некалькі незвычайна, – расказвае Зелянкевіч. – Спачатку была невялікая тэмпература і слабасць, але праз тыдзень усё прайшло, таму захворванне спісала на банальны грып.

Праз некалькі дзён усё пачалося па новым крузе: паднялася тэмпература, з’явіліся рэзкія болі ў жываце. Калі пачала літаральна гарэць (тэмпература даходзіла амаль да 41 градуса) і зразумела, што ў хатніх умовах справіцца з хваробай не змагу, выклікала “хуткую”. Дарэчы, у Маскве паняцце “хуткая” адноснае – да мяне медыкі ехалі па выкліку больш за 12 гадзін.

Вынік тэста на COVID-19 быў станоўчы, каранавірус даў ускладненне на печань і ныркі. Мне сказалі, што гэта новая каранавірусная інфекцыя, якая дае ўскладненне менавіта на органы брушной поласці.

– Колькі былі ў бальніцы?

– Прыкладна тыдзень. За гэты час тэмпературу збілі, болі спыніліся, і стала лягчэй. Два разы на дзень ставілі кропельніцы, калолі антыбіётыкі і рабілі ўколы для развадкавання крыві, але ў першыя дні чамусьці наогул не казалі, якія лекі я прымаю.

Пасля выпіскі мне сказалі, што яшчэ 14 дзён рэкамендавана сядзець на каранціне, хаця я ўжо праз тыдзень збіраюся выйсці на працу. Трэба вяртацца да нармальнага жыцця.

– Я ведаю, што падчас вашай хваробы некаторыя знаёмыя віншавалі вас з цяжарнасцю…

– Як кажуць, было б смешна, калі б не было так сумна. У сацыяльных сетках я насамрэч напісала, што зрабіла тэст, які паказаў некалькі палосак. І пасыпаліся вішаванні з зачаццем дзіцяці!

Але гэта быў тэст на каранавірус, а не на цяжарнасць. Дзве палоскі якраз і паказвалі, што тэст на COVID-19 станоўчы. Тры палоскі сведчаць аб тым, што хварэеш ужо тыдзень. Давялося ўсім сябрам і знаёмым тлумачыць, што жывот у мяне балеў крыху ад іншага, а віншаванні з будучым мацярынствам параіла адкласці на больш позні тэрмін.

– Валянціна, вы ўжо каля двух месяцаў знаходзіцеся ў Маскве. Ці знайшлі за гэты час сталую працу?

– Так, на днях афіцыйна ўладкавалася ў фітнес-цэнтр недалёка ад таго месца, дзе здымаю кватэру. У цэнтры буду працаваць трэнерам па плаванні і аквааэробіцы, а таксама трэнерам у трэнажорнай зале. Працы не баюся, трэба толькі ачомацца ад хваробы…

Публікацыя – з № 102 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»