Відавочцу смерці Генадзя Шутава абвінавацілі ў замаху на забойства

105
Мінскі следчы ізалятар, вядомы як «Валадарка», у якім цяпер трымаюць Аляксандра Кардзюкова
Мінскі следчы ізалятар, вядомы як «Валадарка», у якім цяпер трымаюць Аляксандра Кардзюкова

Следства па справе Аляксандра Кардзюкова ўжо завершана. Разгляд яго справы можа пачацца ў найбліжэйшыя месяцы, паведамляе “Радыё Свабода”.

  • Брастчанін Генадзь Шутаў загінуў у час пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў.
  • Ён быў паранены стрэлам у патыліцу каля дома № 334 на Маскоўскай вуліцы ў Брэсце 11 жніўня.
  • Некалькі дзён Генадзь Шутаў правёў у рэанімацыі брэсцкага шпіталя, затым яго верталётам перавезлі ў вайсковы шпіталь у Мінску.
  • Памёр Шутаў 19 жніўня.
  • Афіцыйная прычына смерці – траўматычны ацёк галаўнога мозгу, пашкоджанне ў выніку стрэлу з ручной агнястрэльнай зброі з нявызначанымі намерамі.

Крымінальную справу распачалі супраць забітага, а не забойцаў

Яшчэ да смерці Шутава Следчы камітэт распаўсюдзіў заяву, згодна з якой праваахоўнікі ў Брэсце на самай справе прымянялі агнястрэльную зброю супраць групы агрэсіўна настроеных пратэстуючых, узброеных арматурай.

Прозвішча Шутава пры гэтым не называлася. У канцы верасня выданне «Медыязона» апублікавала відэазапісы, зробленыя камерамі назірання каля дома № 334 на Маскоўскай вуліцы ў меркаваны момант забойства Шутава. З апублікаваных відэа складана адназначна вызначыць прычыны канфлікту і тое, хто менавіта з боку праваахоўнікаў у ім удзельнічаў.

Родныя Генадзя Шутава настойваюць, што ён не быў удзельнікам пратэстаў і не мог нападаць на міліцыянераў з арматурай у руках.

Крымінальная справа па факце забойства Генадзя Шутава заведзена не была. СК паведамляў пра справу на самога Шутава паводле артыкула аб супраціўленні супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Яна дагэтуль не закрытая, нягледзячы на смерць Шутава.

Ягоныя родныя знаходзяцца пад падпіскай аб невыдаванні і не могуць каменціраваць дэталі.

Новае абвінавачанне для сведкі Кардзюкова

У гэтай справе быў яшчэ адзін фігурант – сябар Генадзя Шутава Аляксандр Кардзюкоў. Ён жа з’яўляецца відавочцам падзей позняга вечара 11 жніўня.

Пасля канфлікту з нявызначанымі асобамі, які скончыўся для Шутава агнястрэльным раненнем у патыліцу, Кардзюкову ўдалося ўцячы. Яго затрымалі толькі 14 жніўня.

За гэты час Аляксандр Кардзюкоў паспеў расказаць свайму суседу па гаражах, што змог схавацца ад сілавікоў пад балконам аднаго з дамоў на Маскоўскай вуліцы. А таксама пра тое, што не ведаў аб смяротным раненні Генадзя Шутава і лічыў, што таго затрымалі, і ён знаходзіцца ў ІЧУ Брэста.

Пасля затрымання Аляксандра Кардзюкова хутка перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. А таксама абвінавацілі паводле часткі 2 артыкула 363 Крымінальнага кодэкса (супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў альбо іншай асобе, якая ахоўвае грамадзянскі парадак). Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 5 гадоў.

Цяпер Аляксандра абвінавачваюць ужо ў замаху на забойства (частка 2 артыкула 139 КК). Следства афіцыйна скончанае, бакі знаёмяцца з матэрыяламі справы. У выпадку прызнання ў судзе вінаватым Аляксандру Кардзюкову паводле новага артыкула можа пагражаць да 25 гадоў пазбаўлення волі альбо пажыццёвае зняволенне.

«Брату чарговы раз падоўжылі ўтрыманне пад вартай, – расказала “Свабодзе” сястра Аляксандра Кардзюкова Марына. – Да 15 студзеня цяпер, здаецца. Цяпер адвакаты знаёмяцца з матэрыяламі, следства ўжо завершанае. Адвакаты падалі новыя хадайніцтвы. Будуць яшчэ разглядаць іх. Калі будзе суд і дзе, мы не ведаем. Хацелася б, каб ён праходзіў у Брэсце, вядома. Мы вельмі на гэта спадзяёмся».

Па словах Марыны, не ўсе яе лісты за гэты час дайшлі да брата. Ад Аляксандра таксама лісты ідуць з праблемамі, некаторыя з іх ён перапісваў тройчы, але цэнзура ўсё адно іх не прапускала. Аднак некалькі дзён таму ёй дазволілі сустрэчу з Аляксандрам у СІЗА.

«За чатыры месяцы нам далі адно спатканне з братам, – расказвае Марына. – 24 снежня мы былі з братавай жонкай у яго. Размаўлялі з Сашам у Мінску на Валадарцы. Ён не скардзіцца. Вядома, быў у шоку, калі яму змянілі артыкул абвінавачання. Але потым узяў сябе ў рукі. Перажывае, вядома. Цяпер у яго артыкул 139, частка 2 (забойства. – РС). Замах на забойства разглядаюць паводле таго ж артыкула, што і забойства. Чаму артыкул змянілі, ніяк не патлумачылі. Проста паставілі перад фактам. Саша таксама знаёміўся з матэрыяламі справы, але ён не ведае, чаму так адбылося. Адвакат падала хадайніцтва, каб справу ўвогуле закрылі. Яна не бачыць там доказаў вінаватасці брата ў нечым. Саша не ідзе на кантакт са следчымі, не гаворыць з імі».

Марына мяркуе, што справу маглі перакваліфікаваць для таго, каб цалкам апраўдаць тых, хто страляў. Жанчына таксама дапускае, што справу яе брата Аляксандра Кардзюкова могуць разглядаць у закрытым судзе.

Ахвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць

За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі як мінімум 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёння лічацца ахвярамі пратэстаў:

  • Аляксандр Тарайкоўскі, 34 гады, Мінск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
  • Аляксандр Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасля збіцця ў міліцыі;
  • Генадзь Шутаў, 43 гады, Брэст, застрэлены сілавіком;
  • Раман Бандарэнка, 31 год, Мінск, пабіты да непрытомнасці, памёр у шпіталі.

Таксама дагэтуль невядомыя абставіны смерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў:

  • Мікіта Крыўцоў, 28 год, Жодзіна, знойдзены павешаным;
  • Аляксандр Дзямідаў, 25 гадоў, Бараўляны, ​знойдзены мёртвым;
  • Канстанцін Шышмакоў, 29 гадоў, Ваўкавыск, нібыта ўчыніў самагубства;
  • Арцём Парукаў, 19 гадоў, Мінск, збіты машынай.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!