Беларускі металургічны завод у Жлобіне. Фота аўтара
Беларускі металургічны завод у Жлобіне. Фота аўтара

28 снежня ў Жлобіне распачаўся суд над супрацоўнікамі Беларускага металургічнага завода, абвінавачанымі “ў арганізацыі і правядзенні незаконных групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады” – на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Адказчыкі па справе – слесар Ігар Повараў, вадзіцель Аляксандр Баброў і рабочы сортапракатнага цэха Яўген Говар. Чацвёрты фігурант крымінальнай справы Павел Магідаў пакінуў межы Беларусі і абвешчаны ў вышук.

Наколькі вядома, 17 жніўня згаданыя супрацоўнікі БМЗ разам з іншымі працаўнікамі, пратэстуючы супраць фальсіфікацыі выбараў і міліцэйскага гвалту, перакрылі на заводзе дарогу для тэхналагічнага транспарта. На некаторы час былі спынены электрасталеплавільныя печы. Заводу нанесена шкода на 1088 рублёў, якую меркаваныя віноўнікі ўжо выплацілі.

І сёння ж у Жлобіне судзілі пяць іншых рабочых, удзельнікаў жнівеньскіх пратэстаў. Следства адмовілася ўзбуджаць супраць іх крымінальныя справы, матэрыялы перадалі ў міліцыю для вырашэння пытання аб адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. І хоць мінула больш за два месяцы, цягам якіх можна прыцягваць да адказнасці за адміністрацыйныя правапарушэнні, Жлобінскі раённы суд 28 снежня пакараў Данііла Макуркіна і Дзмітрыя Яфрэмава 5 суткамі арышту, Іван Свістуноў і Андрэй Чарнякоў аштрафаваны на 540 рублёў кожны, Дзмітрый Елісееў – на 405 рублёў.

Прадстаўнік Незалежнага прафсаюза на БМЗ Вадзім Лапцік кажа, што 29 і 30 снежня будуць разглядацца адміністацыйныя справы ў дачыненні да яшчэ двух дзясяткаў супрацоўнікаў БМЗ, у тым ліку і членаў іх прафсаюза. Па словах суразмоўцы, улады хочуць “прыдушыць пратэстныя настроі на прадпрыемстве”, бо адчулі згуртаванасць людзей у адстойванні сваіх правоў.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»