
Жыхар Слоніма Аркадзь Брайчук звярнуўся ў мясцовы райвыканкам з заявай аб правядзенні пікета на ўласным балконе. Яму афіцыйна адмовілі.
У заяве Брайчук падрабязна распісаў, што пікет плануецца на 30 снежня, з 8.00 да 22.00. Мэта пікета – рэалізацыя канстытуцыйных правоў і свабод грамадзяніна Беларусі.
Від пікета пазначыў як вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на ўласным балконе. У якасці крыніцы фінансавання – уласныя сродкі, а колькасць удзельнікаў – нуль. У сувязі з гэтым, відавочна, на пікеце яму не спатрэбілася б ахова міліцыі, дзяжурства супрацоўнікаў медыцынскай службы, а таксама прыборка тэрыторыі пасля яго правядзення, паколькі адказным і арганізатарам мерапрыемства Брайчук запісаў сам сябе. Да таго ж даў абяцанне, што ў час правядзення пікета піратэхнічныя сродкі выкарыстоўвацца не будуць.

З райвыканкама на афіцыйным бланку прыйшоў адказ за подпісам намесніка старшыні Тэрэзы Юшкевіч. У ім гаворыцца, што “ў адпаведнасці з часткай 6 артыкула 4 Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1997 года № 114-3 “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” яму адмоўлена ў правядзенні дадзенага мерапрыемства.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым телеграм-канале.