«Хочацца пражыць гэты гістарычны момант разам са сваім народам»

200
Сяргей Марозаў
Сяргей Марозаў трымае ў руках зроблены ім каляндар “Гэта мы!” на 2021 год

Гісторык і фатограф аб тым, як важна зараз заставацца ў Беларусі

Кандыдат гістарычных навук, вядомы гродзенскі фатограф, былы выкладчык Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Сяргей Марозаў тлумачыць, чаму сам напісаў заяву на звальненне з універсітэта і чаму не з’ехаў за мяжу, а імкнецца не толькі зарабіць на сям’ю, але і ажыццяўляць творчыя праекты.

«Абвінавачвалі ў выкарыстанні навучальнага працэсу ў палітычных мэтах»

Яшчэ на пачатку прэзідэнцкай кампаніі Сяргей Марозаў актыўна выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю: хадзіў на сустрэчы з апазіцыйнымі кандыдатамі і ў сацсетках размяшчаў пасты не ў рэчышчы “дзяржаўнай” палітыкі. Ужо тады адчуваў, што звальненне не за гарамі.

З пачаткам навучальнага года пачаліся выклікі на размовы да першых прарэктараў, на якіх выкладчыку ў абцякальнай форме тлумачылі, што не тым ён займаецца. Пазней пачаўся ціск, спачатку дастаткова мяккі, а потым дайшло да выклікаў на дысцыплінарную камісію.

Паводле артыкула 53.3 Кодэкса аб адукацыі вінавацілі ў выкарыстанні навучальнага і выхаваўчага працэсу ў палітычных мэтах: маўляў, у сацсетках размяшчаў дэструктыўныя і антыдзяржаўныя матэрыялы і пры гэтым пазіцыянаваў сябе як выкладчык. Хаця, як падкрэслівае Марозаў, нідзе ў сацсетках не пазначаў, што працуе выкладчыкам у Гродзенскім універсітэце.

– Дайшло да таго, што за адзін тыдзень мне давялося напісаць чатыры тлумачальныя, – згадвае былы выкладчык. – Мяне папярэдзілі, што будзе яшчэ адна дысцыплінарная камісія.

Ён кажа, што не стаў чакаць, калі яго звольняць, а сам напісаў заяву.

– Шчыра кажучы, мне не хацелася зыходзіць з універсітэта, бо падабаецца тое, што рабіў, цікава працаваць з моладдзю. Але накіпела: так больш нельга!

Ва ўніверсітэце Сяргей працаваў то на 50%, то 75% стаўкі, паколькі ён яшчэ зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік, які прадастаўляе фотапаслугі.

– З аднаго боку, мне было куды зыходзіць, – разважае Марозаў. – А з іншага боку, у гэтым годзе праз каранавірус прыбыткі вельмі сціплыя.

У Сяргея двое непаўнагадовых дзетак і жонка часова беспрацоўная. Ён прызнаецца, што, прымаючы рашэнне пакінуць працу ва ўніверсітэце, усё ж спадзяваўся зарабіць на сямейныя расходы фатаграфіяй, паколькі з’яўляецца ўніверсальным майстрам, робіць розныя віды здымкаў на высокім прафесійным узроўні.

– Я раблю рэкламу і іншую фотапрадукцыю для юрыдычных асоб. Здымаю вяселлі і ўрачыстасці на замову, – распавядае Марозаў. – Так што нейкім чынам з сям’ёй пражывём.

«Гэта мы!»

У Беларусі Сяргей Марозаў удзельнічаў у шматлікіх творчых праектах, звязаных з фатаграфіяй. Пасля звальнення з універсітэта ўвесь вольны час скіраваў менавіта на іх.

Ён дастае насценны каляндар на 2021 год пад назвай “Гэта мы!”, які зрабіў у нацыянальным каларыце. Гэтаму індывідуальнаму праекту аддадзена шмат часу і сіл, і ён прынёс вялікае прафесійнае задавальненне.

– Уразіла песня Андрэя Мельнікава “Гэта мы!”, і я на кожны радок зрабіў адпаведны здымак.

Ідэя прыйшла ў жніўні, і каляндар стаў люстэркам таго, што адбылося з беларусамі ў 2020 годзе. Фотамайстар кажа, што было вельмі няпроста, але гэта лепшы творчы праект у яго жыцці.

– У гэтай рабоце, так бы мовіць, квінтэсэнцыя маёй фатаграфічнай дзейнасці. І яна надала мне сіл, хочацца зрабіць яшчэ болей і лепей. Дарэчы, я не адолеў бы гэты праект, калі б не звольніўся з універсітэта.

«Тут усё маё, а там усё чужое»

Аб тым, каб з’ехаць з Беларусі, Марозаў ніколі нават не задумваўся.

– Я лічу, што, застаўшыся ў Беларусі, змагу больш зрабіць для сваёй краіны, – упэўнены мой суразмоўца. – Тут усё маё, а там усё чужое. Як гісторык разумею, што Беларусь праходзіць ці не самы цікавы перыяд у сваёй гісторыі. У мяне ёсць магчымасць прысутнічаць пры тым, як наш народ робіцца паўнавартаснай нацыяй, удзельнічаць у гэтым працэсе. Ці магчыма такое прапусціць?

Так, за мяжой навукоўцы маюць магчымасць атрымаць грант на год ці два, які дазволіць існаваць усёй сям’і, але, кажа Сяргей, гэта не для яго.

Былы выкладчык вельмі шкадуе, што многія маладыя людзі вымушаны з’язджаць з краіны пасля жнівенскіх падзей і таго, што адбываецца да гэтай пары. Працуючы са студэнтамі, упэўніўся, што моладзь вельмі тонка адчувае, калі яе падманваюць, і не хоча ў гэтым удзельнічаць. Часта даводзілася чуць ад студэнтаў: жыццё, маўляў, хутка праходзіць, а жыць у гэтай краіне немагчыма. І гэта прымушае іх рабіць нялёгкі выбар.

У Сяргея Марозава ёсць свой погляд на гэта, але ён яго нікому не навязвае:

– Канешне, мне пашэнціла: мяне трымае творчасць, яна і любоў да радзімы надаюць сіл. Лічу, што нават у такой сітуацыі не варта спяшацца з’ехаць з краіны, калі, канешне, няма пагрозы твайму жыццю ці тваёй сям’і. Я хачу жыць на сваёй зямлі і ў фота расказваць пра сваё.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!