Станіслаў Шушкевіч. Фота з адкрытай крыніцы
Станіслаў Шушкевіч. Фота з адкрытай крыніцы

Што пажадаць Беларусі ў 2021 годзе? “Свабода” сабрала пажаданні ад вядомых людзей. Слова прафесару, першаму кіраўніку незалежнай Беларусі Станіславу Шушкевічу.

Ён цяпер знаходзіцца на самаізаляцыі, часова жыве адзін. Бо сын, які адседзеў 10 сутак у Жодзіне, захварэў там на каранавірус, а яго сустракала з турмы маці. Таму жонка Станіслава Шушкевіча Ірына і Станіслаў-малодшы жывуць цяпер у кватэры сына.

Спадар Шушкевіч прызнаецца, што даўно марыць пра час, калі краінай будуць кіраваць высокаадукаваныя людзі: «Я б пажадаў Беларусі, каб ёю перасталі кіраваць сілавікі, а кіравалі менеджары, спецыялісты ў эканоміцы, у паліталогіі. А не невукі, якія ведаюць толькі адно: «Я начальнік – ты дурань». Дык вось, я зычу Беларусі разумных кіраўнікоў».

На думку Шушкевіча, дасведчаных, высокаадукаваных людзей у Беларусі дастаткова.

«Але, як трапна напісаў некалі ў сваёй кнізе Васіль Шлындзікаў, «лейтэнанцікі, якія дзякуючы гэтай шалёнай уладзе сталі генераламі, таксама неадукаваныя, як і мноства начальнікаў пад кіраўніцтвам адзінага». А ён не прызнае ніякай навукі, таму што невук і троечнік.

А Беларусі патрэбныя высокакваліфікаваныя кіраўнікі. Яны ёсць у нашай краіне, але іх б’юць, топчуць, саджаюць, таму што яны перашкаджаюць панаваць уладзе, якая не ўмее кіраваць.

Бабарыку, у якога была ясная канцэпцыя, што трэба рабіць з Беларуссю, зрабілі злачынцам; Цапкала таксама адукаваны таленавіты чалавек. Канкурэнты былі цудоўныя, дык іх, як і на папярэдніх выбарах, знішчылі (раней знішчалі фізічна, цяпер пасадзілі ці выгналі з краіны).

У мяне аптымізм ёсць: я хачу, каб дзеці і ўнукі мае жылі ў сапраўднай Беларусі, не запэцканай хамствам і хлуснёй», – кажа Станіслаў Шушкевіч.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: