
Нягледзячы на даволі драматычныя эпізоды, якія сёлета з-за пандэміі каранавіруса і палітычнай сітуацыі мелі месца ў беларускай культуры, галоўная выснова года ўсё роўна станоўчая. Мастацтва – і гэта тычыцца ледзь не ўсіх яго кірункаў, прынамсі, некаторыя могуць паказаць сябе толькі з часам, – знайшло ў крызісе апошніх месяцаў моцны імпульс. Хто ведае, магчыма, хутка мы зможам выкарыстаць тэрмін «адраджэнне». А паколькі культура так ці інакш адлюстроўвае стан краіны, сімвалічна тое, што сёлета яна наскрозь прасякнулася бел-чырвона-белым.
«Белсат» падсумоўвае год і прыводзіць топ-10 культурных з’яў і падзей 2020-га.
Стагоддзе УНОВИС
У пачатку года краіна адзначала юбілей «Сцвярджальнікаў новага мастацтва» («Утвердителей нового искусства», УНОВИС) – авангарднага мастацкага аб’яднання, якое сто гадоў таму стварыў у Віцебску Казімір Малевіч. Згадка арт-рэвалюцыянераў кантрастам прагучала ў сучасным беларускім кантэксце: два гады існавання суполкі паўплывалі на ўсю далейшую гісторыю мастацтва, а праз сто гадоў унавісаўцы ўсё яшчэ выглядаюць наватарамі на фоне сучаснага беларускага мастацкага працэсу.
Дабрачынныя арт-аўкцыёны
З-за пандэміі каранавіруса мастакі і дызайнеры апынуліся ў даволі ўразлівым становішчы, але ўсё ж пачалі актыўна ўдзельнічаць у дабрачынных праектах грамадскай салідарнасці – гэта было звязана і з COVID-19, і з рэпрэсіямі з боку ўлады. У красавіку, напрыклад, адбыўся анлайн-аўкцыён «Дзякуй!»: каля ста аўтараў бязвыплатна перадалі свае творы, а сабраныя 37 тысяч рублёў былі адпраўленыя на дапамогу медыцынскім работнікам. У жніўні на маскоўскім аўкцыёне VLADEY прадалі 30 твораў беларускіх мастакоў, а выручаныя сродкі накіравалі пацярпеўшым і мастакам.
Закрыццё галерэі «Ў»
Культурныя пляцоўкі краіны адчулі значныя цяжкасці яшчэ ў красавіку, калі праз COVID-19 страцілі магчымасць ладзіць імпрэзы і, адпаведна, згубілі наведвальнікаў. Да фінансавых праблем дадаліся палітычныя рэпрэсіі: адзін з сузаснавальнікаў галерэі «Ў» Аляксандр Васілевіч стаў палітвязнем. Ён і яшчэ тры асобы выйшлі з ліку акцыянераў галерэі, і ў кастрычніку было абвешчана пра закрыццё прасторы. Такім чынам галерэя, што працавала ў Мінску з 2009 года і за гэты час стала адным з галоўных незалежных культурных цэнтраў, перастала існаваць.
Бюджэтнае фінансаванне незалежных кінапраектаў і яго адмена
У ліпені Міністэрства культуры праз працэдуру дзяржзакупкі пастанавіла прафінансаваць экранізацыю дзвюх беларускіх кніг, «Сфагнуму» Віктара Марціновіча і «Радзіва «Прудок»» Андруся Горвата, а таксама фільм пра Аляксандра Мядзведзя і серыял пра Уладзіміра Мулявіна. Гэта выклікала ўзрушэнне ў кінасупольнасці: па-першае, з прычыны выбраных праектаў, па-другое, усе лоты пайшлі незалежным кінакампаніям (дагэтуль, за рэдкім выключэннем, бюджэтныя грошы накіроўваліся «Беларусьфільму»). Зрэшты, неўзабаве Міністэрства культуры перадумала і, спаслаўшыся на скаргу Андрэя Курэйчыка ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, адмяніла фінансаванне абедзвюх экранізацый і фільма пра Мядзведзя.
Арышт «Евы» Хаіма Суціна
Да крымінальнай справы Белгазпрамбанка далучылі больш за сто карцін з яго карпаратыўнай калекцыі. Сярод іх і самы дарагі з набытых у незалежнай Беларусі твораў – «Ева» Хаіма Суціна (прадстаўнікі банка купілі яе ў 2013 годзе на аўкцыёне Sotheby’s). Далучаныя да справы карціны сталі недасяжныя гасцям галерэі «Арт-Беларусь», дзе выстаўляліся дагэтуль: цяпер яны схаваныя ў апячатаным памяшканні, а на іх месцах размясцілі рамы з QR-кодам. З моманту арышту «Ева» візуалізавалася ў розных вобразах (за кратамі, у арыштанцкай робе, з амапаўцамі), трапіла на рознага кшталту атрыбутыку і адзенне ды ўрэшце зрабілася сімвалам беларускага супраціву.

Разбурэнне Купалаўскага тэатра і раздзяленне тэатральнай сферы
Купалаўскі тэатр выступіў супраць гвалту і вывесіў бел-чырвона-белы сцяг, а Міністэрства культуры ў адказ звольніла яго дырэктара Паўла Латушку. У выніку ўсе рэжысёры і абсалютная большасць трупы напісалі заявы на звальненне і сышлі са свайго будынка. Пасля гэтага ўчынку яны не разышліся ў розныя бакі, а засталіся разам як свабодныя купалаўцы. Сёння іх YouTube-канал мае 145 тысяч падпісчыкаў, а выкладзеныя «Тутэйшыя» атрымалі 307 тысяч праглядаў. Пасля тэатральная сфера сама сабою раздзялілася на тых, хто звольніўся або каго звольнілі, і тых, хто пастанавіў застацца. Магчыма, гэта нейкім чынам паўплывае на будучае развіццё беларускага тэатра.
Актыўны выхад мастацтва на вуліцы і ў двары
Пасля жнівеньскіх падзей беларускае мастацтва, аматарскае і прафесійнае, пачало актыўна асвойваць вуліцу. Усё – ад плакатаў да перформансаў – пачало інтэгравацца ў гарадскую прастору і выказвацца пра сучаснасць.
Успомніць хаця б мастацкую акцыю «Мая камера»: удзельнікі адмералі метраж стандартнай камеры Акрэсціна і сталі ў гэтых межах у колькасці 30–40 асоб – такія былі ўмовы для затрыманых у першыя дні пасля выбараў. Потым тэатралы, паэты і музыкі разышліся па дварах, а дваровыя імпрэзы зрабіліся сацыяльным феноменам. Праўда, вуліца нядоўга заставалася бяспечнай для мастацкіх выказванняў і раённых канцэртаў: ужо ў хуткім часе сілавыя структуры вымусілі нядзельныя маршы разысціся па ўсім горадзе, а Мінгарвыканкам склаў спіс тэрыторый павышанай увагі адміністрацый, камунальнікаў і міліцыі.
Ад’езд з краіны Святланы Алексіевіч
Як, на жаль, і шматлікіх іншых культурных дзеячаў. Нобелеўская лаўрэатка ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады, і Алексіевіч неўзабаве выклікалі ў Следчы камітэт у якасці сведкі ў межах крымінальнай справы, якую завялі супраць рады нібыта за заклік да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы. Потым, калі пісьменніца засталася адзіным членам асноўнага складу КР у Беларусі ды на волі, невядомыя спрабавалі трапіць у яе кватэру, а дыпламаты еўрапейскіх краін прыехалі яе падтрымаць. Нарэшце Святлана Алексіевіч з’ехала з краіны на лячэнне ў Германію і, як паведаміла пазней, не плануе вяртацца, пакуль Аляксандр Лукашэнка застаецца пры ўладзе.

Адмена кінафестывалю «Лістапад»
Міністэрства культуры адмяніла фестываль за дзень да яго адкрыцця. Пра сваё рашэнне яно паведаміла ў афіцыйным тэлеграм-канале, а за паўгадзіны да гэтага – у накіраваным арганізатарам электронным лісце. Афіцыйнай прычынай назвалі эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне, але, паколькі кінатэатры працягнулі працаваць, ёсць нагода меркаваць, што рэальная прычына была палітычнай.
Пратэст культуры і культура пратэсту
Грамадскія зрухі выявілі крэатыў беларусаў увогуле, а таксама дапамаглі намацаць глебу прафесійнаму мастацтву. Тое, наколькі актыўна культурныя дзеячы ўключыліся ў сучасныя працэсы, дае нагоду чакаць новага беларускага адраджэння. Беларускі супраціў праявіў сябе ў дызайне, жывапісе, тэатры, музыцы, кіно, паэзіі ды акцыянізме, прычым не толькі ў самой краіне, але і за мяжою. І не менш важна, што культура беларусаў увасобілася ў самім супраціве – у яго настойліва мірным характары і знятым абутку ля лавачкі.