Фота з адкрытай крыніцы
Фота з адкрытай крыніцы

Пра дамоўленасць Мінска і Масквы аб умовах паставак расійскай нафты ў 2021 годзе паведаміла “Радыё Свабода” са спасылкай на агенцтва Reuters. Чакаецца, што формула разліку цаны на сыравіну і аб’ёмы паставак застануцца ранейшымі.

Сярод нявырашаных пытанняў – кампенсацыя Беларусі за «брудную» нафту, а таксама за падатковы манеўр.

У пачатку 2020 года Беларусь і Расія не змаглі дамовіцца наконт цаны паставак расійскай нафты, практычна ўвесь першы квартал НПЗ Беларусі працавалі з паловай загрузкі, выкарыстоўваючы альтэрнатыўныя пастаўкі, уласную сыравіну і пастаўкі праз кампаніі Міхаіла Гуцэрыева. 21 сакавіка прэс-служба расійскага Кабінета міністраў паведаміла, што прэмʼер-міністры Беларусі і Расіі дамовіліся аб пастаўках нафты на беларускія НПЗ «у поўным абʼёме і на ўзгодненых умовах». З красавіка пастаўкі былі адноўленыя.

24 снежня ў Санкт-Пецярбургу міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч і старшыня праўлення «Газпрома» Аляксей Мілер падпісалі пратакол паміж «Газпромам» і ўрадам Беларусі, у якім вызначаны парадак фарміравання цаны прыроднага газу для Беларусі ў 2021 годзе. Канкрэтная цана пры гэтым не абнародавалася. Сёлета яна складае 127 долараў за тысячу кубаметраў.

Міністэрства энергетыкі Беларусі пракаменціравала падпісанне пратакола, адзначыўшы, што «ўзгоднены бакамі ўзровень цэнаў на газ на 2021 год практычна на ўзроўні 2020-га». На працягу бягучага года беларускі бок неаднойчы заяўляў пра неабходнасць істотна знізіць дзеючую цану на расійскі прыродны газ.

  • 11 красавіка 2019 года Аляксандр Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расійская нафта ідзе ў Еўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаванні, якія Расія ўвяла на імпарт прадуктаў харчавання з Беларусі. Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправода «Дружба», аператар якой – ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзіт расійскай нафты ў Польшчу, Украіну, Венгрыю, Германію.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэнне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расійскай нафты: узровень хларыдаў вырас у 20 і больш разоў, сцвярджае афіцыйны Мінск. ​На Мазырскім НПЗ заявілі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяванне.
  • Расійскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • Беларускі бок заяўляў, што страты ад спынення паставак могуць скласці некалькі сотняў мільёнаў долараў.
  • 23 красавіка намеснік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што праз няякасную расійскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт светлых нафтапрадуктаў (бензін і дызпаліва) ва Украіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца года пачаць альтэрнатыўныя расійскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў – праз марскія парты краін Балтыі, другі – праз Адэсу і нафтаправод Адэса – Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытанні да якасці расійскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расіі, калі Масква адхіліла прапанову Мінска павялічыць тарыф на транзіт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалагічнай бяспекі.
  • 26 красавіка расіяне завялі крымінальную справу аб забруджванні нафты. Меркавана, хлорарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласці.
  • 20 студзеня 2020 года Беларусь дамовілася з расійскім бокам пра падыходы і методыку кампенсацыі за забруджаную нафту.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: