Мяркуючы па афіцыйным гімне, які штораніцы гучыць па радыё, беларусы – мірныя людзі. Гэтую характарыстыку пацвердзілі і дзясяткі мірных маршаў, якія прайшлі (і працягваюць праходзіць) у нашай краіне апошнія пяць месяцаў. Але калі прыгледзецца больш пільна, то ў рукатворных ландшафтах Беларусі на кожным кроку – праявы ваяўнічасці.

Скажам, ніводная еўрапейская краіна не ўсцягнула на пастаменты столькі танкаў і другой ваеннай тэхнікі, як гэта зроблена ў нас. У які горад ні прыедзь (Мінск, Гродна, Слонім, Зэльва…), паўсюль у выглядзе помнікаў стаяць танкі – пачварныя смерцяносныя машыны. З іх пры жаданні можна сфарміраваць цэлую танкавую дывізію!

Зразумела, што ўсталяванне такіх помнікаў (як і любых другіх) не знаходзіцца ў кампетэнцыі мясцовых улад, устаноўка на манументальную мілітарызацыю ідзе з самага верху. Прычым танкі на пастаментах часам зусім не ўпісваюцца – ні архітэктурна, ні ідэалагічна – у гарадскі ландшафт. У тым жа Слоніме ў цэнтры горада адзін пры адным стаяць Ленін, танк і Леў Сапега. У Гродне танк упіхнуты паміж старажытнымі касцёламі. У Зэльве ён (усталяваны адносна нядаўна) трымае пад
абстрэлам гарадскі пляж…

Дадайце сюды манументальную прапаганду ў выглядзе самалётаў-знішчальнікаў (Лунінец), гармат (ваколіцы Нарачы), баявых машын дэсантных (Ваўкавыск і тая ж Зэльва) і розных іншых “кацюш” (пад Оршай) – і вы пераканаецеся, што мірнымі людзьмі беларусам дазволена быць толькі ў гімне. А ў вачах замежных турыстаў, якія звыклі звяртаць увагу найперш на рознага кшталту помнікі, мы, відаць, выглядаем выразна ваяўнічым народам.

Калі ёсць танкі-помнікі, то павінны быць і помнікі-пяхотнікі. Так, напэўна, вырашылі ўлады Брэста, і так праз меру мілітарызаванага. Здавалася б, адной Брэсцкай крэпасці больш чым дастаткова, каб нагадваць гараджанам пра жахі вайны. Аказалася – недастаткова. Асабліва пасля таго, як афіцыйныя СМІ апошнім часам пачалі актуалізаваць тэму вайны. Не Другой сусветнай, а нейкай новай. Загучалі ваяўнічыя тырады і ў выступленнях высокапастаўленых чыноўнікаў (з пагонамі і без). Камусьці вельмі захацелася паваяваць. Хоць з кім. Хоць з уласным народам.

Напалоханае ваяўнічай рыторыкай зверху, кіраўніцтва Брэсцкага гарвыканкама адрэагавала першым. На вуліцы Савецкай раптоўна, без усякага грамадскага абмеркавання ці мастацкіх конкурсаў, з’явіўся ўзброены да зубоў, у поўнай вайсковай амуніцыі “зялёны чалавечак”. Аўтамат наўзгатоўку, боезапас (цэлы склад!) размясціўся проста на бруку. Помнік, калі паразважаць, атрымаўся з падвойным сэнсам. Пасля падзей ва Украіне “зялёныя чалавечкі” сталі сімвалам расійскай ваеннай агрэсіі. Менавіта ўзброеныя людзі ў зялёных камуфляжах без апазнавальных знакаў без адзінага стрэлу захапілі Крым. Дарэчы, у Сімферопалі акупацыйная ўлада ўсталявала ім, тым чалавечкам, помнік. Дзіўна, але постаць салдата з вуліцы Савецкай з выгляду падобная на сімферопальскага. Як быццам іх адзін скульптар ляпіў з аднаго і таго самага натуршчыка…

З кім сабраўся ваяваць кіраўнік Брэста Аляксандр Рагачук?

У сувязі з гэтым хачу задаць пытанне старшыні Брэсцкага гарвыканкама Аляксандру Рагачуку. Паставіўшы ў цэнтры горада такі помнік, вы з кім сабраліся ваяваць? Каго вы заклікаеце ў Брэст? Расійскіх вагнераўцаў, якія, паводле слоў беларускага галоўнакамандуючага, да гэтай пары блукаюць у нашых лясах? Ці байцоў гібрыднай вайны, пра якіх другі галоўнакамандуючы ў любы момант можа сказаць “их там нет”? Бо, як ні прыглядайся, салдацік з вуліцы Савецкай на беларускага вайскоўца ні ззаду, ні спераду не падобны. Падобны ён на захопніка, акурат на “зялёнага чалавечка”, які стаў агульнавядомым мемам. То што – хай прывыкае брэсцкі люд? Звыкнуўшыся з помнікам, і жывых “зялёных чалавечкаў” з хлебам-соллю сустрэне?..

У сацыяльных сетках дэсантаваны на вуліцу Савецкую аўтаматчык выклікаў дружнае абурэнне. Ціха парадаваўся на сваім пастаменце хіба генералісімус Сувораў – цяпер яму ў Брэсце ёсць кім камандаваць. А то сумнавата было камандзіру без войска. Цяпер “баявая адзінка” ў наяўнасці, а там пры патрэбе для падмацавання “апалчэнцы” пад’едуць…

Камусьці вельмі хочацца паваяваць на мірнай беларускай зямлі. Ажно рукі свярбяць і пад носам порахам пахне. І як жа абуральна, што “рэкрутаў” на тую спланаваную яўна не ў беларускім Генштабе вайну пачалі “набіраць” беларускія цывільныя чыноўнікі. І дзе? У гераічным Брэсце, дзе рэха вайны дагэтуль гучыць у казематах Брэсцкай цытадэлі. Трывожна робіцца на душы ад такіх помнікаў. Нездарма ў народзе спрадвеку гаварылася: не будзі ліха – хай спіць ціха…

Публікацыя – з № 101 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: