У Беларусі можа адбыцца канстытуцыйны пераварот

2730

Калі ўлада адважыцца на маніпуляцыю з прыняццем Усебеларускім народным сходам новай Канстытуцыі, то з юрыдычнага гледзішча гэта будзе ні чым іншым, як канстытуцыйным пераваротам, піша ў сваім тэлеграм-канале палітолаг Валерый Карбалевіч.

Валерый Карбалевіч
Валерый Карбалевіч

Паводле каментарыя міністра фінансаў Беларусі Юрыя Сільвестарава, у бюджэце на наступны год закладзены грошы на правядзенне мясцовых выбараў. Наконт рэферэндуму аб новай Канстытуцыі згадкі няма.

З гэтага можна зрабіць выснову, што ўлады вырашылі праводзіць так званую «канстытуцыйную рэформу» з грубым парушэннем працэдуры.

Відавочна, чаму ўлады баяцца рэферэндуму. Мінулыя прэзідэнцкія выбары выклікалі рэвалюцыю. Любая новая электаральная кампанія ў краіне прывядзе да новага народнага выбуху. Магчыма, улады спадзяюцца, што з цягам часу сітуацыя ў краіне супакоіцца, і тады можна будзе ў канцы 2021 года ціха правесці мясцовыя выбары. Маўляў, каму ў Беларусі цікавыя гэтыя мясцовыя саветы. А вось Канстытуцыя — іншая справа, рэферэндум аб ёй палітычна небяспечны.

Але справа ў тым, што з прававога гледзішча, без рэферэндуму абысціся нельга. У артыкуле 140 дзейнай Канстытуцыі запісана, што раздзелы І, ІІ, IV, VIII «могуць быць змененыя толькі праз рэферэндум». А ў раздзеле IV гаворка ідзе пра паўнамоцтвы органаў кіравання (прэзідэнта, праламента, урада). То бок, якраз тое, што збіраюцца мяняць. Таму прыняцце паправак у Канстытуцыю без рэферэндуму — гэта грубае парушэнне дзейнага Асноўнага закона.

Яшчэ большым прававым абсурдам будзе прыняцце Канстытуцыі Ўсебеларускім народным сходам (УНС). У артыкуле 138 дзейнай Канстытуцыі запісана: «Пытанне аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі разглядаецца палатамі парламента з ініцыятывы прэзідэнта або не менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам». Усё. Ніякай згадкі пра УНС там няма.

Не меншым прававым абсурдам зявілася б наданне канстытуцыйнага статусу УНС самім гэтым сходам. То бок нікім не выбраны УНС аб’явіць сябе найвышэйшым органам улады і на гэтай падставе прыме новую Канстытуцыю. Гэта юрыдычны нонсэнс.

Калі ўжо Лукашэнку так хочацца ўзаконіць статус УНС, то з прававога гледзішча для рэалізацыі гэтай задумы трэба рухацца прававым шляхам. Гэтага нельга зрабіць ні рашэннем Нацыянальнага сходу, ні прэзідэнцкім указам. Такое рашэнне можна прыняць толькі на рэферэндуме (гл. артыкул 140).

То бок прававыя маніпуляцыі з прыняццем УНС новай Канстытуцыі з юрыдычнага гледзішча будуць зяўляцца канстытуцыйным пераваротам.

Вядома, на права, закон, Канстытуцыю беларускія ўлады даўно не звяртаюць асаблівай увагі. Тым не менш нават на тле таго юрыдычнага сваволля, якое пануе ў Беларусі, рэалізацыя задумы, на якую намякаў Лукашэнка, стане сапраўдным выклікам грамадскай свядомасці. Гэта проста падліванне алею ў агонь народнага абурэння.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!