Выбаршчыкі патрабуюць, каб на Усебеларускі народны сход патрапілі грамадскія актывісты

300

Выбаршчыкі 51-й выбарчай акругі горада Гродна напісалі ліст да свайго дэпутата Нацыянальнага сходу Ліліі Кір’як з тым, каб яна агучыла іх патрабаванні па правядзенні Усебеларускага народнага сходу. Адно з іх – на сход павінны патрапіць і грамадскія актывісты, якія будуць прадстаўляць народ.

Ужо ў пачатку звароту да дэпутата выбаршчыкі адзначаюць, што правядзенне такога мерапрыемства як Усебеларускі народны сход не згадваецца ў Канстытуцыі Беларусі. І рашэнні ўдзельнікаў такіх сходаў не носяць абавязковы характар, а могуць быць толькі ў выглядзе прапаноў перададзены ў дзяржаўныя органы.

Тым не менш, паколькі, згодна з анансаванай праграмай, на сходзе маюць разглядацца пытанні, якія непасрэдна павінны садзейнічаць пераадольванню ўнутрыпалітычнага крызісу ў дзяржаве, неабыякавыя гродзенцы ўносяць свае прапановы па гэтым пытанні.

  • Ад імя выбаршчыкаў яны просяць дэпутата выступіць з прапановамі аб наданні статусу рашэнням і прапановам грамадзян, якія будуць прыняты з мэтай пераадолення ўнутрыпалітычнага крызісу і вызвалення палітычных зняволеных.
  • Накіраваць запыты ў адпаведныя органы з мэтай атрымання інфармацыі для выбаршчыкаў. А менавіта: якая колькасць бюджэтных сродкаў будзе выдзелена на правядзенне гэтага сходу і за кошт якіх крыніц.
  • Якую колькасць удзельнікаў і з якіх прадпрыемстваў і арганізацый плануецца сабраць на сход. Просяць апублікаваць гэтыя звесткі ў СМІ.
  • Выступіць з прапановай аб уключэнні ў склад дэлегатаў на Усебеларускі народны сход у тым ліку і грамадскіх актывістаў з Гродна і Гродзенскай вобласці. Іх вылучэнне прапануецца здзейсніць на пазачарговых сходах у выбарчых акругах альбо дэлегаваць найбольш аўтарытэтных людзей шляхам збору подпісаў жыхарамі населеных пунктаў, а ў буйных гарадах – жылых мікрараёнаў з ліку грамадзян, якія пастаянна там пражываюць.

Юрыст Дзмітрый Салаш, які ўваходзіць у ініцыятыўную групу па збору подпісаў пад зваротам да дэпутата, патлумачыў «Народнай Волі» неабходнасць гэтай ініцыятывы: «Мы добра разумеем, што гэты сход не мае канстытуцыйных паўнамоцтваў. І нават, хутчэй за ўсё, ніхто нас туды не пусціць. Але пытанне ў тым, што мы збіраліся туды і хацелі заявіць сваю пазіцыю, каб потым не казалі, што, маўляў, мы прапаноўвалі, а вы не хацелі ўдзельнічаць. А так мы хочам прапанаваць свае ідэі для нацыянальнага прымірэння».

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!