Сяргей Лісічкін (у цэнтры) падчас прэзентацыі кнігі пра футбаліста Аляксандра Пракапенку
Сяргей Лісічкін (у цэнтры) падчас прэзентацыі кнігі пра футбаліста Аляксандра Пракапенку

Самая папулярная спартыўная газета Беларусі «Прессбол» днямі атрымала ўжо трэцяга галоўнага рэдактара за паўгода, паведамляе «Радыё Свабода».

Новы кіраўнік прызначаны насуперак уласнаму жаданню і волі калектыву. Газета, якой праз месяц споўніцца 30 гадоў, фактычна знаходзіцца на мяжы знікнення.

Дзеючыя супрацоўнікі расказалі, якая сітуацыя цяпер у выданні.

У жніўні, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, газету пакінуў Сяргей Кайко. Крэсла галоўнага рэдактара заняў Дзмітрый Герчыкаў, які вярнуўся з пасады ў Беларускай федэрацыі футбола (АБФФ). Аднак і ён даволі хутка трапіў у няміласць – праз чатыры месяцы яго вымусілі напісаць заяву аб звальненні.

На вакантнае месца пры дзіўных абставінах трапіў супрацоўнік дзяржаўнага тэлеканала АНТ Сяргей Лісічкін.

І Кайко, і Герчыкаў пакінулі выданне пад ціскам з боку АБФФ, сцвярджаюць у рэдакцыі. З 2013 года федэрацыя ўваходзіць у склад заснавальнікаў «Прессбола», аднак паводле статуту арганізацыі не мае права ўмешвацца ў рэдакцыйную і кадравую палітыку. Да падзей лета-2020 гэтыя ўмовы выконваліся. Пасля сыходу Герчыкава калектыў не змог прызначыць галоўным рэдактарам свайго журналіста, хоць прапаноўваўся дзясятак прэтэндэнтаў.

Звонку ж была праціснутая кандыдатура чалавека, які ніколі не меў дачынення да «Прессбола» і нават не знаёмы з большасцю яго аўтараў. Пасля сустрэчы з калектывам Лісічкін прызнаў уласную некампетэнтнасць і катэгарычна адмовіўся займаць пасаду галоўнага рэдактара, аднак пасля змяніў рашэнне. Пацвердзіў, што на яго таксама быў ціск з боку кіраўніцтва АБФФ.

У сітуацыі, якая склалася, «Прессбол» пакінулі вядучыя карэспандэнты – як Сяргей Мардасевіч і Уладзімір Пірог. Тычыцца гэта ў тым ліку і кіраўнікоў: у штатным раскладзе застаўся толькі адзін намеснік галоўнага рэдактара з чатырох. Некаторым журналістам негалосна забаронена з’яўляцца на старонках выдання.

Цяпер рэдакцыя мае намер звярнуцца ў структуры УЕФА і ФІФА з просьбай даць ацэнку дзеянням АБФФ.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»