Андрэй Ханевіч
Андрэй Ханевіч

Звольненыя нібыта за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах работнікі “Гродна Азот” падалі скаргі ў суд на адміністрацыю. Рабочыя лічаць, што іх звольнілі незаконна. Пасля 9 жніўня колькасць членаў Незалежнага прафсаюза на прадпрыемстве з 23 павялічылася да больш як 400 членаў.

“Хочам, каб усё было згодна з законам”

Старшыня Незалежнага прафсаюза “Гродна Азот” Андрэй Ханевіч распавёў “Народнай Волі”, што ў суд пададзены 13 скаргаў аб аднаўленні на працы. Хаця, паводле яго слоў, яшчэ больш з тых, каго звольнілі, праігнаравалі гэтую ідэю. Па яго звестках, такіх людзей можа быць не менш за 20.

Рабочых, як высветлілася, звальнялі з прычыны парушэння правілаў унутранага распарадку, маўляў, праводзілі на тэрыторыі прадпрыемства несанкцыянаванае мерапрыемства. Усе яны былі звольненыя пасля падзей 26 кастрычніка, калі выйшлі да будынка завадской адміністрацыі падтрымаць агульнанацыянальную забастоўку, але людзей тады разагнаў АМАП.

“У гэтай сітуацыі ўсё даволі неадназначна, – заўважае прафсаюзны лідар. – Людзі збіраліся не на тэрыторыі прадпрыемства, а на прылягаючай тэрыторыі. Акрамя таго, нехта меў вольны дзень, былі нават такія, хто ў той час знаходзіўся ў адпачынку, а іх усё роўна звольнілі”.

Ханевіч згадвае яшчэ адзін выпадак, калі аднаго з работнікаў асудзілі на “суткі” за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а пасля таго, як ён вярнуўся на працу, адразу звольнілі.

“Было б зразумела, калі б яму не заплацілі за прапушчаныя дні на працы, але тое, як з ім абышліся, паводле заканадаўства не можа служыць прычынай звальнення”, – упэўнены кіраўнік прафсаюзнай арганізацыі.

Дарэчы, сярод 13 рабочых, якія абскарджваюць праз суд рашэнне адміністрацыі прадпрыемства аб звальненні, не ўсе з’яўляюцца членамі Незалежнага прафсаюза. Тым не менш юрыстам прафсаюза ім была аказана агульная юрыдычная кансультацыя пры складанні скаргаў у суд.

“Шукаць абароны людзі ідуць да нас”

Пасля 9 жніўня колькасць членаў Незалежнага прафсаюза на прадпрыемстве “Гродна Азот” з 23 павялічылася больш чым да 400. Дарэчы, старшыня праўладнага “Белхімпрафсаюза” на прадпрыемстве Андрэй Ражынскі публічна заявіў, што за апошнія некалькі месяцаў іх шэрагі пакінулі 940 членаў, і назваў сітуацыю “не зусім вясёлай”. Праўда, ён прамаўчаў пра прычыны адтоку з іх шэрагаў прадстаўніоў рабочага класа.

Ханевіч лічыць, што працэс заканамерны, паколькі, паводле яго слоў, Незалежны прафсаюз заўсёды падымаўся і набываў большы аўтарытэт на пратэстнай хвалі.

“Калі пачынаюцца ў дзяржаве сур’ёзныя праблемы, то людзі ідуць шукаць абароны, як правіла, да нас, – кажа суразмоўца. – Бо ў праўладных структурах, як выяўляецца, іх пачынае шмат што не задавальняць”.

І цяпер, як ён сцвярджае, тыя, хто пераходзіў да іх у прафсаюз, тлумачылі сваё рашэнне па-рознаму. У адных гэты былі палітычныя прычыны з-за таго, што разупэўніліся ва ўладах. Былі такія, каго не задавальняла праца праўладнага прафсаюза па абароне іх правоў.

Што датычыцца адміністрацыі прадпрыемства, то пакуль на гэты працэс нейкага актыўнага ўплыву ў Незалежным прафсаюзе не заўважылі. Хаця, як кажа Ханевіч, яны не забылі вопыт таго, калі ў іх шэрагах налічвалася каля тысячы чалавек і як адміністрацыя рознымі спосабамі выціскала людзей з іх прафсаюза.

“Проста цяпер адчуваецца, што да нас прыйшлі людзі, якія ўжо ўсвядомілі, што іх могуць чакаць праблемы, некаторых затрымлівалі і судзілі, але яны ўжо не баяцца ранейшых метадаў уціску з боку адміністрацыі”, – упэўнены суразмоўца.

Ханевіч таксама звяртае ўвагу, што са з’яўленнем новых членаў арганізацыі дадалося і больш працы. Калі раней даводзілася займацца пераважна адстойваннем правоў у працоўных адносінах, то зараз дадалося шмат кансультацый, звязаных з палітычнымі патрабаваннямі.

Поделиться ссылкой: