Мінск і Масква яшчэ не дамовіліся пра цану на газ для Беларусі

413
Уладзімір Сямашка. Фота з адкрытай крыніцы
Уладзімір Сямашка. Фота з адкрытай крыніцы

Урад Беларусі і кампанія «Газпром» за два тыдні да заканчэння газавага кантракта працягваюць перамовы аб умовах паставак сыравіны на 2021 год, паведамляе “Радыё Свабода”.

Прэс-служба «Газпрома» паведаміла, што 16 снежня ў Санкт-Пецярбургу адбылася сустрэча старшыні праўлення карпарацыі Аляксея Мілера з паслом Беларусі ў Расіі, былым віцэ-прэм’ерам Уладзімірам Сямашкам і міністрам энергетыкі Віктарам Каранкевічам.

«Удзельнікі перамоў абмеркавалі ўмовы паставак расійскага газу ў Беларусь і яго транзіту праз тэрыторыю краіны ад 1 студзеня 2021 года», – гаворыцца ў выніковым прэс-рэлізе.

Падрабязнасцяў перамоў не падаюць, за выключэннем згадкі, што да канца 2020 года дзейнічаюць кантракты на пастаўку газу ў краіну і яго транспартаванне далей на Захад.

Цана газу для Беларусі сёлета складае 127 долараў за тысячу кубаметраў. «Несяброўскім тарыфам» для найбліжэйшага саюзніка неаднаразова абураўся Аляксандр Лукашэнка, заяўляючы, што гэта нашмат больш, чым нават для заходнееўрапейскіх спажыўцоў.

Масква ў сваю чаргу дакарала Мінск, што ён сёлета назапасіў значны доўг за пастаўкі – прыкладна 330 млн долараў на сярэдзіну верасня. У Беларусі доўгі час гэта адмаўлялі – маўляў, у «Газпроме» некарэктна вылічваюць «каларыйнасьць сыравіны», завышаючы цану.

Аднак Расія на саступкі не пайшла і галоўнай умовай пачатку новых перамоў выставіла пагашэнне старой запазычанасці. У кастрычніку дамовіліся аб расійскім крэдыце на паўмільярда долараў, большая частка якога пасля атрымання пайшла якраз на аплату газавых рахункаў.

Летась Беларусь імпартавала з Расіі 20 млрд кубаметраў газу, аналагічныя аб’ёмы запланаваныя і на бягучы год. Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што з уводам у эксплуатацыю БелАЭС залежнасць ад расійскага газу знізіцца мінімум на чвэрць.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!