АМАП затрымлівае ўдзельніка пратэстаў у Мінску. Фота з адкрытых крыніц
АМАП затрымлівае ўдзельніка пратэстаў у Мінску. Фота з адкрытых крыніц

18 снежня Бундэстаг Германіі будзе разглядаць дакумент аб палітыцы ўрада ФРГ у сферы правоў чалавека. Аналізаваўся перыяд з кастрычніка 2018 па верасень 2020 года. У дакуменце ўзгадваецца і Беларусь, паведамляе “Еўрарадыё”.

“У Беларусі істотны дэфіцыт грамадзянскіх і палітычных правоў, асабліва ў сферы свабоды СМІ, сходаў і аб’яднанняў”, – гаворыцца ў справаздачы.

Праваабарончыя арганізацыі, незалежныя партыі і выдавецтвы вымушаны працаваць ва ўмовах значных абмежаванняў. Адзначаецца, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі стала паслядоўна пагаршацца са снежня 2019 года.

“Пасля масавых рэпрэсій напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і гвалтоўнай рэакцыі на мірныя пратэсты пасля выбараў яна дасягнула ніжэйшай кропкі на гэты момант”, – гаворыцца ў дакуменце.

У гэты перыяд нязгодныя з уладай праваабаронцы, журналісты і ўдзельнікі пратэстаў падпалі пад масавыя рэпрэсіі, “у тым ліку пад пагрозы, пераследаванне, затрыманні, высылку і ў асобных выпадках вельмі жорсткае абыходжанне”, – адзначаецца ў справаздачы.

У дакуменце ўзгадваюць і пра тое, што ў Беларусі па-ранейшаму захоўваецца смяротнае пакаранне, а дыялог паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю цалкам спыніўся. Няма і дыялогу аб правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю. Ён пачаўся ў 2015 годзе, у 2018-м беларускае МЗС нават прадставіла даклад аб рэалізацыі Нацыянальнага плана па правах чалавека на 2016–2019 гады, дзе, праўда, не было ніякага прагрэсу ў сферы свабоды сходаў, аб’яднанняў і СМІ.

Урады Германіі і ЕС па-ранейшаму “падтрымліваюць шырокі спектр мер па прасоўванні правоў чалавека ў Беларусі як на двухбаковай аснове, так і па лініі “Усходняга партнёрства”, адзначаецца ў дакуменце, але сумеснай пляцоўкі для працы ў гэтым кірунку, па сутнасці, больш няма – праца стратэгічнай кансультацыйнай групы пад эгідай знешнепалітычных ведамстваў пасля беларускіх выбараў была згорнутая. Пасля ўвядзення ЕС візавых санкцый Беларусь прыняла рашэнне і аб паніжэнні свайго ўдзелу ва “Усходнім партнёрстве” да экспертнага ўзроўню.

Напярэдадні аб пашырэнні санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў, адказных за фальсіфікацыю выбараў і гвалт, ішла размова на сустрэчы Святланы Ціханоўскай з Федэральным прэзідэнтам Германіі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам. Суразмоўцы таксама абмеркавалі і ролю АБСЕ ў беларускім пытанні. На думку Ціханоўскай, новы генеральны сакратар арганізацыі Хельга Шмід магла б адыграць важную ролю ў арганізацыі перамоў па правядзенні новых выбараў у краіне.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: