Фото: TUT.BY
Фото: TUT.BY

Беларусы трацяць на ежу каля 36% сямейнага бюджэту, такія дадзеныя ўтрымлівае даследаванне, праведзенае расійскім агенцтвам РІА “Новости”. Падчас даследавання аналізавалася, якую долю даходаў сям’і ў розных еўрапейскіх краінах выдаткоўваюць на ежу, вольны час і шкодныя звычкі, перадае Еўрарадыё.

Па долі выдаткаў на ежу Беларусь займае 6-е месца з канца. Больш сярод еўрапейскіх краін на прадукты харчавання трацяць толькі ў Балгарыі, Паўночнай Македоніі, Малдове, Украіне і Казахстане. У Казахстане на гэтыя мэты сыходзіць амаль палова сямейнага бюджэту.

У краінах з добрай эканамічнай сітуацыяй і высокім узроўнем даходаў людзі выдаткоўваюць на харчаванне не так шмат. У агульнай структуры выдаткаў у заходніх краінах на гэтыя мэты сыходзіць не больш за 15%.

Менш за ўсё трацяць на ежу жыхары Люксембурга (8,4% усіх выдаткаў), Нідэрландаў і Вялікабрытаніі (па 10,6%), а таксама Ірландыі (11,5%) і Германіі (11,6%).

Асноўныя выдаткі ў людзей у гэтых краінах прыпадаюць на забавы, падарожжы, адукацыю, наведванне кавярняў і рэстаранаў, а таксама на тавары для дома.

На вячэры ў кавярнях і рэстаранах у развітых краінах людзі выдаткоўваюць 7-10% свайго бюджэту. У Беларусі гэты паказчык складае 2,9%. У Швейцарыі і Грэцыі, да прыкладу, на гэтыя мэты сыходзіць каля 11% усіх выдаткаў, у Вялікабрытаніі, Іспаніі і Партугаліі — па 8-9%.

Паводле ацэнак даследчыкаў, доля выдаткаў сямейнага бюджэту на гатэлі, рэстараны і кавярні таксама пэўным чынам залежыць ад узроўню жыцця ў той ці іншай краіне, але ўплыў на звычку харчавацца па-за домам аказваюць яшчэ і мясцовыя традыцыі.

Пры гэтым па яшчэ адным паказчыку выдаткаў — на адпачынак і культуру — Беларусь выглядае цалкам на узроўні з развітымі краінамі. Калі беларусы на гэтыя мэты выдаткоўваюць блізу 7,6% сямейнага бюджэту, то немцы — 11,2%, французы — 8%, іспанцы — 5,5%. Безумоўныя лідары ў гэтым аспекце — шведы (яны выдаткоўваюць на вольны час і культуру 18,7%), брытанцы (13,1%) і грамадзяне Аўстрыі (11,5%). Прычым у першых дзвюх дзяржавах доля выдаткаў на вольны час і культуру нават вышэйшая, чым на ежу.

Больш за траціну сямейнага бюджэту беларусы трацяць на ежу — вынікі даследавання

Поделиться ссылкой: