Ілюстрацыя з адкрытых крыніц
Ілюстрацыя з адкрытых крыніц

12 снежня нарадзіўся Сімяон Полацкі (Самуіл Гаўрылавіч Пятроўскі-Сітняновіч) (1629–1680) – велічная постаць беларускай і ўсходнеславянскай літаратуры, філасофіі, культуры. Пра значную гістарычную асобу піша “Звязда”.

Узгадаваны ў Полацку, Сімяон атрымаў бліскучую пачатковую адукацыю. Каля 1650 г. юнак скончыў Кіева-Магілянскую акадэмію, пасля якой атрымаў дыплом  «дыдаскала». Затым навучаўся (каля 1653 г.) у славутай Віленскай акадэміі.

У чэрвені 1656 г. С.Полацкі прыняў лёсавызначальнае для сябе рашэнне – пастрыгся ў манахі Полацкага Богаяўленскага манастыра, дзе на працягу васьмі год выкладаў у брацкай школе. Прыкладна ў 50-я гады XVII ст. ён уступіў у Базыльянскі ордэн, утвораны беларускімі ўніятамі. На прыналежнасць С.Полацкага да Ордэна Базыльянаў яскрава паказвае яго экслібрыс: Ex libris Simeonis Piotrowski Sitnianowicz jeromonachi Polocensis Ord. S. Basilii Magni («З кніг Сімяона Пятроўскага-Сітняновіча, полацкага іераманаха ордэна святога Васіля Вялікага»).

Як бліскучы майстар мастацкага слова і філосаф С.Полацкі сфарміраваўся менавіта ў культурнай і інтэлектуальнай атмасферы Вялікага Княства Літоўскага. Першыя літаратурныя спробы таленавіты палачанін здзейсніў у час навучання ў Кіеве і Вільні.
Сімяон Полацкі пачынаў тварыць на матчынай мове, пра што пазней паведамляў у прадмове да «Рыфмалагіёна»:

Писах в начале по языку тому,

Иже свойственный бе моему дому.

Таже увидев многу пользу быти

Славенску ся чистому учити.

Взях грамматику, прилежох читати,

Бог же удобно даде ю ми знати.

У архівах знойдзены раннія творы С.Полацкага, напісаныя пераважна на старабеларускай і польскай мовах, прычым ён карыстаўся як кірыліцай, так і лацінкай. У беларускі перыяд творчасці стварыў цыкл вершаваных твораў дыдактычнага і панегірычнага характару, напісаў драматургічныя творы, філасофскія казанні і дэкламацыі.

Беларускага асветніка натхняла дзейнасць славутай Еўфрасінні Полацкай. Невыпадкова ён напісаў у яе гонар вершаваны «Пралог да найпадобнай маці Еўфрасінні». Паэт называе Еўфрасінню ўпрыгожаннем Полацка, надзейнай абаронцай «зямлі беларасійскай», заклікае яе дапамагаць роднаму гораду і праваслаўным людзям.

Гістарычныя абставіны прымусілі С.Полацкага пакінуць радзіму і ў 1664 г. пераехаць у Маскву. Ён сустрэў цёплы прыём пры царскім двары, атрымаў выдатную магчымасць займацца педагагічнай і асветніцкай дзейнасцю. Сімяону даручылі адукацыю царэвіча Аляксея (1654–1670), будучага цара Фёдара (1661–1682) і царэўны Соф’і (1657–1704). Менавіта Сімяон рэкамендаваў у якасці настаўніка для царэвіча Пятра Аляксеевіча (1672–1725) адукаванага дзяка Мікіту Зотава. Пазней адукаваны беларус стварыў і ўзначаліў спецыялізаваную школу, якая была адчынена пры Прыказе Тайных спраў, дзе ён асабіста навучаў расійскіх дыпламатаў лацінскай мове, неабходнай ім для працы ў еўрапейскіх краінах.

У Крамлі Сімяон заснаваў уласную друкарню, незалежную ад кансерватыўных царкоўных улад. Ён прыцягнуў да афармлення кніг таленавітага мастака Фёдара Ушакова і гравёра Афанасія Трухменскага. Найвялікшая заслуга С.Полацкага – распрацоўка ім, паводле ўзору заходнееўрапейскіх універсітэтаў, геніяльнага праекта стварэння ў Маскве Славяна-грэка-лацінскай акадэміі, што быў бліскуча рэалізаваны ў 1681–1685 гг. яго вучнем і сябрам Сільвестрам Мядзведзевым (1641–1691).
Менавіта ў Маскве С.Полацкі апублікаваў «Буквар» (1664, 1667, 1699) і «Жэзл праўлення» (1667). Ён напісаў «Вянец веры» (1670–1671) – звод багаслоўскіх дактрын пра ўпарадкаванне свету, з якім азнаёмілася яго 13-гадовая вучаніца, будучая царэўна Соф’я.

Беларускі інтэлектуал стварыў корпус празаічных казанняў у дзвюх кнігах: «Абед душэўны» (1675) і «Вячэра душэўная» (1676), якія пасля смерці асветніка былі апублікаваны ў Верхняй друкарні, адпаведна ў 1681 і 1683 гг., пад наглядам Сільвестра Мядзведзева.

Сімяон Полацкі падрыхтаваў і выдаў два аб’ёмныя зборнікі вершаваных твораў: «Сад шматколерны» (1678) і «Рыфмалагіён» (1680). Ён выступіў у якасці заснавальніка псалмічнай паэзіі, аб чым сведчыць падрыхтаваны і надрукаваны ім «Псалтыр рыфматворны» (1680). Выдатны літаратар і асветнік напісаў і паставіў дзве п’есы: «Прыпавесць пра аблуднага сына» і «Пра Наўхаданосара-цара».

Сын Полацка прынёс у Расію заходнюю філасофію і эстэтыку, высокую кніжную паэзію і мастацтва школьнай драматургіі. Яго асветніцкая, педагагічная і літаратурная дзейнасць паслужыла грунтам глыбокіх сацыяльных пераўтварэнняў, якія пачаліся ў Расіі пры Пятры I.

Вызначальная рыса творчага почырку С.Полацкага – энцыклапедызм, гістарычная абазнанасць і інтэлектуальная вытанчанасць. Вершы яго – гэта пераважна яркія філасофскія сентэнцыі, мудраслоўі, дыдактычныя павучанні.

У сваёй творчасці майстар слова шырока звяртаўся да антычнай літаратуры і філасофіі. Ён шматкроць цытаваў выказванні старадаўніх філосафаў і красамоўцаў – Арыстоцеля, Платона, Фалеса Мілескага, Арысціпа, Дыягена, Дыянісія, ацэньваючы іх выключна са станоўчага боку. С.Полацкі неаднаразова падаваў сюжэты з антычнай і сярэднявечнай гісторыі, якія ён чэрпаў з сусветных хронік, выдадзеных у XV–XVI стст. у Заходняй Еўропе.

На старонках сваіх твораў паэт апявае кніжныя веды, стварае культ філасофіі, мудрасці, навукі і пазнання, аб чым выразна сведчаць яго вершы з красамоўнымі назвамі «Філасофія», «Розум», «Слова», «Маўленне», «Акадэмія», «Час».

Паводле канцэпцыі С. Полацкага, менавіта філасофія і навукі дазваляюць дасягнуць дасканалага жыцця, робяць людзей мудрымі, разважлівымі, таленавітымі творцамі, роўнымі да анёлаў.

Філасофія і кніжныя веды маюць велізарную практычную карысць, яны дазваляюць чалавеку ўпэўнена пачувацца ў грамадстве, годна трымацца перад абліччам цароў і князёў. Філасофія і веды ўзбагачаюць духоўны свет асобы, робяць чалавека моцным, здатным пераадольваць цяжкасці, развязваць складаныя праблемы. Пазнанне спрыяе маральнаму аздараўленню грамадства, выкараняе заганы і зло.

Пісьменнік-інтэлектуал шмат разважаў пра чалавека і грамадства. Яго антрапалагічная канцэпцыя найбольш поўна выкладзена ў казаннях «Слова пры пахаванні саноўнага чалавека», «Слова пры пахаванні сумленнага чалавека», «Слова пры пахаванні ваяра», «Слова пры пахаванні дабрачыннага чалавека», «Слова пры пахаванні сумленнай жанчыны», «Слова ў дзень найпадобнага Аляксея».

Полацкі таксама адзначаў натуральнае імкненне чалавека да ўзвышанага і прыгожага.
На старонках вершаваных і празаічных творах С. Полацкі сфармуляваў уласную этычую дактрыну, якая ўключала сістэму базавых канцэптаў, што вынесены ў загалоўкі многіх вершаў: «Годнасць», «Сяброўства», «Стрыманасць», «Праца»,
«Славалюбства», «Паклёп», «П’янства», «Хабарніцтва», «Згода».

У сваіх творах С. Полацкі нязменна выказваў шанаванне працавітасці. Ён даводзіў, што толькі той, хто дбайна і самааддана працуе, заслугоўвае ўшанавання і павагі сярод людзей.

Не абмінуў С.Полацкі пытання пра волю чалавека. Уласнае разуменне гэтай фундаментальнай катэгорыі ён выклаў у вершы з аднайменнай назвай «Воля». Паводле меркавання інтэлектуала, чалавек павінен скіроўваць уласную волю на
тое, каб усімі сродкамі пазбягаць кепскіх учынкаў, не рабіць шкоды іншым, не чыніць гвалту, паўсюль выкараняць зло, як таго хочуць нябёсы і Усявышні.

Паэт шмат разважаў пра сутнасць чалавечага жыцця, галоўную місію чалавека на зямлі, яго прызначэнне. У вершы «Жыццё» («Жизнь») С. Полацкі зрабіў выснову, што чалавек абавязкова павінен імкнуцца да высокага, тварыць дабро і змагацца са злом, каб яго жыццё не прайшло марна і бессэнсоўна.

Выхаваны на ідэях Рэнесансу, ён адстойваў ідэю пабудовы прававой дзяржавы. У вершы «Закон» паэт акурат указваў на пільную грамадскую неабходнасць адшліфаваных агульнадзяржаўных статутаў, падкрэсліваў велізарную карысць ад іх для кожнай асобы і ўсёй супольнасці.

Ухваляў такія краіны, у якіх усе жыхары імкнуцца выконваць законы, адчуваюць уласную грамадзянскую адказнасць за лёс дзяржавы.

Сімяон Полацкі асэнсоўваў прыроду прыгожага, акрэсліваў розныя праявы прыгажосці. У вершы «Прыгажосць» («Красота») ён заклікаў людзей захапляцца не толькі прывабнай знешнасцю, вонкавай прыгажосцю, але найбольш імкнуцца да духоўнай дасканаласці, тварыць прыгожыя справы і рабіць годныя ўчынкі.

На старонках сваіх твораў С.Полацкі ўзняў шырокае кола фундаментальных філасофскіх, сацыяльных, этычных, эстэтычных і анталагічных пытанняў быцця, істотна пашырыў тэматычныя абсягі беларускай і рускай літаратур, заклаў якасна новую літаратурна-эстэтычную традыцыю.

Сімяон Полацкі – выдатны майстар мастацкага слова. Ён апрацоўваў яркія народныя прыказкі і прымаўкі, шырока выкарыстоўваў вусна-паэтычныя вобразы. У яго творах шчодра прадстаўлены яркія эпітэты, метафары, параўнанні і сімвалы, што надавала ім семантычную шматзначнасць і барокавую квяцістасць. Такім чынам, для творчасці Сімяона Полацкага характэрны арганічны сінтэз літаратуры, філасофіі і тэалогіі, натуральнае спалучэнне заходняй і ўсходняй патрыстыкі, антычнай і хрысціянскай эстэтыкі, што робіць яе фенаменальнай і непаўторнай з’явай беларускай, усходнеславянскай і сусветнай культур.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: