
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч у найбліжэйшы час мае намер пераслаць апостальскаму нунцыю ў Беларусі прашэнне аб адстаўцы на імя Папы Рымскага Францішка, паведамляе “Радыё Свабода”.
«Я ведаю, што нунцый Антэ Ёзіч працягвае казаць пра мяне ўладам, а таксама што за сітуацыяй пастаянна сочыць Дзяржаўны сакратарыят Святога пасаду. Аднак 3 студзеня мне споўніцца 75 гадоў. Я афіцыйна сыходжу ў адстаўку, прашэнне неўзабаве перашлю нунцыю», – паведаміў ён.
Паводле Кодэкса кананічнага права Рымска-каталіцкага касцёла, дыяцэзіяльнаму біскупу, якому споўнілася 75 гадоў, прапануецца падаць прашэнне аб адстаўцы з пасады пантыфіку, які прыме рашэнне.
Больш за тры месяцы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч не можа вярнуцца на радзіму. Неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў кіраўнік Беларускага каталіцкага касцёла заклікаў сілавікоў і пратэстуючых спыніць гвалт, а чыноўнікаў – пачаць канструктыўны дыялог з грамадствам і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях.
У канцы жніўня Аляксандр Лукашэнка параіў прадстаўнікам розных канфесій не ўмешвацца ў пытанні палітыкі, заявіўшы, што «дзяржава з абыякавасцю на гэта глядзець не будзе».
31 жніўня пагранічнікі не прапусцілі Тадэвуша Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь без тлумачэння прычын. Пасля было заяўлена, што МУС прызнала ягоны пашпарт несапраўдным, вядзецца праверка на наяўнасць замежнага грамадзянства.
Аляксандр Лукашэнка вінаваціў Тадэвуша Кандрусевіча ў тым, што той нібыта выязджаў у Польшчу «для кансультацый».
Цяпер мітрапаліт Мінска-Магілёўскі часова жыве ў парафіі Святога Антонія ў польскай Сакулцы на мяжы зь Беларуссю.
Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.