Фота з адкрытых крыніц
Фота з адкрытых крыніц

З сярэдзіны жніўня, калі ў Беларусі ўпершыню заблакіравалі інтэрнэт, беларускія карыстальнікі прапусцілі 4,81 петабайта (!) трафіку праз праграму Psiphon. Пра гэта “Еўрарадыё” расказаў прэзідэнт і сузаснавальнік Psiphon Майкл Хол. 

4,81 петабайта, або 4810 тэрабайт, – велізарны аб’ём інфармацыі. Такім можна цалкам забіць 17,5 тысячы iPhone з 256 гігабайтамі памяці.

Psiphon стаў шырока вядомы беларусам у жніўні 2020 года. Дзякуючы гэтай праграме можна абысці блакіраванне інтэрнэту. Папулярны ён у краіне і сёння, але цяпер пікі выкарыстання прыпадаюць на нядзелі. Напрыклад, толькі 6 снежня, калі прайшоў апошні на гэты момант пратэстны марш, беларускія карыстальнікі падключаліся да Psiphon 1,234 млн разоў.

Майкл Хол расказаў Еўрарадыё і пра колькасць беларускіх карыстальнікаў праграмы. У жніўні 2020 года іх было амаль 2,5 млн – гэта каля паловы ўсяго дарослага насельніцтва Беларусі. Затым, калі інтэрнэт сталі адключаць толькі ў нядзелі, актыўных карыстальнікаў стала менш, але лічбы ўсё роўна ўражваюць. У лістападзе, да прыкладу, Psiphon выкарыстоўвалі больш за 312 тысяч беларусаў.

У
У “мірныя дні” колькасць падключэнняў у Беларусі вагаецца ў раёне 100–300 тысяч, а пікі прыпадаюць на нядзелі / Еўрарадыё / Psiphon

Хол адказаў і на пытанне пра тое, як Psiphon, створанаму спецыяльна для барацьбы з інтэрнэт-цэнзурай у аўтарытарных і таталітарных дзяржавах, удаецца абыходзіць абмежаванні, якія ўлады ўстанаўліваюць пры дапамозе сучасных тэхналогій DPI, што займаюцца фільтраваннем і аналізам сеткавых пакетаў.

– У цяперашні час Psiphon мае дзевяць наладжвальных пратаколаў, прызначаных для абыходу ўсіх відаў блакавання, – кажа Хол. – Несумненна, DPI – гэта новае пакаленне фільтрацыі, якое з’яўляецца найбольш складаным на сённяшні дзень, бо яна [фільтрацыя] выконваецца ў рэжыме рэальнага часу. Тым не менш Psiphon змог “заблытаць” і абысці сістэму фільтрацыі DPI, якая была ўкарэненая ў Беларусі і з’яўляецца асноўнай прычынай таго, чаму Psiphon так шырока выкарыстоўваецца. Іншыя VPN-сэрвісы проста не гатовыя для барацьбы з такімі складанымі выклікамі.

Пры гэтым, адзначае Хол, улады Беларусі вельмі сур’ёзна падышлі да пытання блакіравання інтэрнэту.

– Беларусь выкарыстоўвае практычна ўсе наяўныя ў распараджэнні методыкі. Пералічваць іх не мае сэнсу, бо ўсе яны ўзаемазвязаныя, – кажа ён.

Аднак пакуль усё, што выкарыстоўваецца для інтэрнэт-цэнзуры ў Беларусі, можна абыходзіць.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: