А ў Купалаўскім – “Сука-разлука”…

1888
Міхась Скобла

За сто гадоў свайго існавання галоўны тэатр Беларусі шмат чаго перажыў, шмат чаго начуўся і набачыўся. У яго сценах бальшавікі, толькі- толькі прыйшоўшы да ўлады, спрабавалі задушыць у зародку Беларускую Народную Рэспубліку. Пры нямецкіх акупантах у тэатры аднойчы выбухнула міна, адправіўшы на той свет цэлы клас падлеткаў, што прыйшлі паглядзець беларускі спектакль. Плакаў тады ўвесь Мінск. Помніць тэатр і іншыя слёзы – слёзы радасці на твары народнага пісьменніка Івана Мележа, калі хор з яго роднай Гомельшчыны са сцэны заспяваў любімую ім песню “Каля грэблі шумяць вербы…”. А якія акцёрскія сузор’і дзесяцігоддзямі ззялі на Купалаўскай сцэне! Тысячы і тысячы разоў удзячная публіка праводзіла іх авацыямі…

Легендарны тэатр перажыў усё – і трагедыю, і трыумф. Не здолеў перажыць толькі бяздумную, бяздушную, хамскую, хлуслівую і помслівую ўладу, якая паказала сябе ва ўсёй красе пасля прэзідэнцкіх выбараў. Разгонам паўстання годнасці ў тэатры распачаўся вялікі беларускі разгон, які працягваецца вось ужо чатыры месяцы.

Разганяць шматтысячныя людскія шэсці ўлада з цягам часу прызвычаілася. Гэта справа няхітрая, галоўнае, каб аўтазакаў на ўсіх хапіла. А як ваяваць з сімваламі пратэсту? Трэба іх апаганіць! І вось ужо былы гісторык, а цяпер апантаны прапагандыст Ігар Марзалюк у сваёй аўтарскай праграме на СТВ абзывае бел-чырвона-белы сцяг фашысцкім, а ашалелыя ад усёдазволенасці амалпаўцы засцілаюць сцягам падлогу ў аўтазаках, самі папярэдне па ім патаптаўшыся. Хто з затрыманых ухітраецца не наступіць на палотнішча, атрымлівае дубінкай па галаве.

Гэткім жа сімвалам супраціўлення стаў і Купалаўскі тэатр. А значыць, і яго трэба апаганіць. Як? Парнакапытны след на ім, як на сцягу, не пакінеш, у аўтазак не запіхнеш. Доўга ўлада думала і нарэшце прыдумала. На легендарную Купалаўскую сцэну быў запрошаны з выступленнем гурт “Галасы ЗМеста”, адшуканы недзе ў Баранавічах. Рэпертуар – суцэльная пахабшчына пад тры акорды. Праўда, апошнім часам з палітычным дамешкам. Што, відаць, і спадабалася новаму міністру культуры Анатолю Маркевічу, які, заўважу, да культуры, хутчэй, мае такое дачыненне, якое мела мая памерлая бабуля да касманаўтыкі.. Бо наўрад ці баранавіцкія гастралёры трапілі ў Купалаўскі тэатр без яго ведама. Песняў у “Галасоў ЗМеста” – кот наплакаў, трохі больш за дзясятак, за адзін міністэрскі абедзенны перапынак можна ўсё праслухаць.

Дарэчы, баранавіцкія шэдэўры выкладзены на YouTube, не аднаму міністру такое шчасце даступна. Паслухаў іх і я. І адразу захацелася прапаласкаць чыстай вадой вушы. Пасля такога, напрыклад, “страдательного шансончика” пад назвай “Сука разлука”: “Она заходит в дом без стука – / сука-разлука, / она такая точно штука, / как сука-любовь”. Уцякаючы з той населенай сукамі псярні, я натыкнуўся на больш экспрэсіўны спявацкі маналог з нецэнзурнай лексікай: “Я представляю в мозгах, / как е…т тебя лох, / ты скоро, бл…ь, залетишь / и будешь с пузом одна…” Сюжэцік, праўда, банальны, але, пагадзіцеся, як бярэ за душу! Не абмінуў гурт “Галасы ЗМеста” і надзённую тэму пандэміі: “Бояться все чихнуть, / а пукнуть и подавно – / ветер вирус разнесёт…”

І вось з такім песенным багажом – на Купалаўскую сцэну. Брава, Міністэрства культуры, брава, новая адміністрацыя тэатра! З такой рэпертуарнай палітыкай айчынная культура расквітнее як ніколі.

Пасля сольнага канцэрта ў Купалаўскім фронтмэн “Галасоў ЗМеста” Дзмітрый Бутакоў не хаваў сваёй радасці. З правінцыйнай падваротні ды на галоўную тэатральную сцэну трапіць – гэта сапраўды вялікі шанцунак. Рускі па нацыянальнасці, савок па перакананнях (сам прызнаéцца), з узроўнем культуры ніжэй плінтуса, ён наўрад ці разумее, што яго творчыя “дасягненні” пасавалі Купалаўскаму тэатру, як слану набэдрыкі. Самую кароткую і вычарпальную рэцэнзію на свае песенькі ён мог бы адшукаць у “Новай зямлі” Якуба Коласа. Помніце, як там дзядзька клёцкі зварыў? “Ну як яно на смак, прызнайся? – / Паскудства, брат, і не пытайся!” Хоць, падазраю, аўтар “Сукі-разлукі” паэмы той не чытаў.

Сталічныя гастролі “Галасоў ЗМеста” адбыліся таму, што іх кіраўнік своечасова змікіціў, якія песні спатрэбяцца ўладзе, што разганяе тэатры, кідае за краты творцаў сапраўднай культуры і топча нацыянальныя сімвалы. І вось ужо паміж “сукамі” і “бл… мі” гучыць новая – здзеклівая – песня пра “няўдаліцу” Паўла Латушку. Гэткая ж бяздарная, як і ўсе папярэднія. Народжаны поўзаць, як вядома, лётаць не можа. Але сёння ўладай запатрабаваны менавіта паўзуны.

І яны будуць поўзаць, і будуць паскудзіць, і будуць зневажаць памяць вялікіх. Як папоўзалі і напаскудзілі ў Купалаўскім тэатры. Уяўляю, як усе 225 народных артыстаў Беларусі перавярнуліся ў трунах, калі паўзуны з Баранавічаў, падсаджаныя Мінкультам, ускараскаліся на асвечаную імёнамі геніяў сцэну.

Ці паблякла, ці заплямілася яна пасля паўзуноў? Не думаю. Бо змагацца падобным чынам з сімваламі – як страляць з рагаткі па зорках, як спрабаваць бульдозерам зраўняць з зямлёй Галгофу. Не дадзена паўзунам ды іх апекунам апаганіць ні сцяг, ні тэатр. З усіх рэпрэсій, з усіх выпрабаванняў яны выйдуць яшчэ больш узвышанымі і значнымі. І збяруць вакол сябе яшчэ больш народу.

Таму новаму начальніку культуры я хачу даць параду. Пакіньце вы ў спакоі Купалаўскі тэатр. Не можаце аднавіць яго працу, то лепш зачыніце будынак да лепшых часоў. Калі вы, канешне ж, міністр, а не пустой бочкі затычка.

Публікацыя з № 98 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!