У Віцебску ў кантэйнеры для смецця знайшлі цела немаўля
Следчыя працуюць на месцы здарэння/ @skgovby

Віцебскія следчыя шукаюць маці дзіцяці, цела якога знайшлі напярэдадні ўвечары ў кантэйнеры для смецця на паўднёвым усходзе Віцебска. Гаворка ідзе пра немаўля. Хто яго знайшоў, не паведамляецца — “вечарам 9 снежня ў праваахоўныя органы паступіла паведамленне аб выяўленні ў кантэйнеры для смецця ў Віцебску цела немаўля”, распавялі ў Следчым камітэце Беларусі, перадае Еўрарадыё.

Раней інфармацыя пра здарэнне з’явілася ў віцебскім телеграм-канале. Падпісчыкі канала паведамлялі, што ў раёне крамы “Віталюр” у мікрараёне Білева “хтосьці выкінуў немаўля ў сметніцу”. Адзін з мясцовых жыхароў распавядаў, што да яго дадому прыходзіў следчы, казаў пра здарэнне і цікавіўся, ці не бачыў той што-небудзь.

Следчыя ўжо забралі запісы камер відэаназірання з дамоў, размешчаных паблізу. Адказ на пытанне пра прычыну смерці дзіцяці павінна даць судова-медыцынская экспертыза.

Віцебскі гарадскі аддзел СК пачаў праверку па гэтым факце.

Поделиться ссылкой: