Абвяшчаюцца імёны
Абвяшчаюцца імёны "Журналістаў года". Фота: baj.by

Названыя лаўрэаты Нацыянальнай прэміі беларускіх праваабаронцаў за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў трох намінацыях: “Праваабаронца года”, “Журналіст года” і “Кампанія/ініцыятыва года”. У намінацыі “Журналіст года” пераможцамі названыя Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова, Кацярына Барысевіч, паведамляе прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Кацярына Андрэева  

Журналістка “Белсата”. Вядомая вядучая стрымаў актуальных падзей у Беларусі. Не аднойчы была затрыманая і аштрафаваная за прафесійную дзейнасць. Суаўтар дакументальнай кнігі “Беларускі Данбас”. 15 лістапада Кацярыну затрымалі, калі яна вяла стрым з “Плошчы перамен”; 20 лістапада была абвінавачаная па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Прызнаная палітзняволенай.

Кацярына Барысевіч

Журналістка TUT.BY. Працавала на “Беларускім радыё” і “Еўрарадыё”, дзевяць гадоў была аглядальнікам беларускай рэдакцыі “Камсамольскай праўды”. Аўтар шматлікіх судовых рэпартажаў; уваходзіць у групу аўтараў спецпраекта “Калі да вас прыйшлі”, дзе ў малюнках, відэа і кароткіх тэкстах цягам года давалі падрабязныя юрыдычныя парады, як паводзіць сябе пры затрыманні, допыце і г.д.  Падчас і пасля выбараў-2020 рабіла матэрыялы, прысвечаныя рэалізацыі правоў і свабод чалавека. За прафесійную дзейнасць – падрыхтоўку матэрыялаў пра гібель Рамана Бандарэнкіарыштаваная і абвінавачаная па крымінальным артыкуле (ч. 3 арт. 178) за выдаванне медыцынскай таямніцы, што пацягнула за сабой цяжкія наступствы. Прызнаная палітзняволенай.

Дар’я Чульцова

Аператар “Белсата”. Не аднойчы была пакараная за прафесійную дзейнасць: у 2019 годзе атрымала штраф за сюжэт пра чыноўніка Андрэя Кунцэвіча; у 2020-м – за рэпартаж з акцыі пратэсту аўтамабілістаў супраць павышэння коштаў на бензін.

15 лістапада працавала разам з Кацярынай Андрэевай над стрымам з “Плошчы перамен”, іх разам затрымалі. Падазраваная па арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле – пазбаўленне волі на 3 гады. Прызнаная палітзняволенай.

Праваабаронца года” – Таццяна Агеева. Узнагароджаная пасмяротна

Адвакат са стажам 30 гадоў; 8 гадоў праваабарончай дзейнасці. Пасля Плошчы-2010 Таццяну Агееву пазбавілі ліцэнзіі на адвакацкую дзейнасць.

Таццяна Агеева дапамагала Цэнтру прававой трансфармацыі, супрацоўнічала з Беларускім дакументацыйным цэнтрам. Аўтар больш як дзесяці індывідуальных зваротаў у КПЧ ААН; адзін з іх – ад імя маці палітыка Юрыя Захаранкі; аўтар шматлікіх публікацый і аналітычных аглядаў (грамадскі кантроль за месцамі несвабоды, права ахвяр палітычных рэпрэсій, абскарджванне дзеянняў службовых асоб, незалежнасць судовай сістэмы, самакіраванне адвакатуры і інш.). У 2016–2017 гадах уваходзіла ў рабочую групу па падрыхтоўцы Прынцыпаў дзейнасці беларускіх праваабаронцаў, прымала ўдзел у супольных праваабарончых праектах.

Тацццяна Агеева – аўтар рэкамендацый у праект Закона РБ “Аб зменах і дапаўненнях у некаторыя законы аб удасканальванні дзейнасці адвакатуры” ад імя беларускіх праваабаронцаў.

Сваю прафесійную дзейнасць Таццяна Агеева прысвяціла абароне правоў, падвышэнню аўтарытэта праваабаронцаў у беларускім грамадстве, умацаванню ролі права і правасуддзя, незалежнасці суддзяў і адвакатаў.

Фота: baj.by
Фота: baj.by

Лепшая “Праваабарончая кампанія года” – іныятыва #ByCOVID19

Валанцёрская ініцыятыва, якая арганізавала дабрачынныя зборы сродкаў у падтрымку медыкаў Беларусі падчас першай хвалі каранавіруса ў сакавіку – чэрвені 2020 года. Ініцыятыва аб’яднала больш за 1500 валанцёраў па ўсёй Беларусі. Праз краўдфандынг сабралі рэкордную на той момант суму грошай: больш за 360 000 долараў, на якія закупілі звыш 450 000 адзінак сродкаў індывідуальнай абароны.

На відэасувязі каардынатары ByCOVID19 Андрэй Ткачоў і Андрэй Стрыжак. Фота: baj.by
На відэасувязі каардынатары ByCOVID19 Андрэй Ткачоў і Андрэй Стрыжак. Фота: baj.by

Вёў цырымонію Барыс Гарэцкі – намеснік старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

***

Нацыянальная прэмія беларускіх праваабаронцаў за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе “Праваабарончым альянсам”. З 2011 года яна з’яўляецца агульнай ад усёй беларускай праваабарончай супольнасці. Прэміяй за абарону каштоўнасцяў правоў чалавека штогод адзначаецца “Праваабаронца года”, “Журналіст года”, “Адвакат года” (да 2015 г.) і ўпершыню ў 2016 годзе – “Кампанія / ініцыятыва года”.

Поделиться ссылкой: