Беларусь закрывае межы на выезд. Як змагаюцца з пандэміяй іншыя краіны?

186
Пункт пропуску
Пункт пропуску "Глушкевічы" на беларуска-ўкраінскай мяжы. Фота з адкрытых крыніц

З 21 снежня ўрад Беларусі вырашыў закрыць наземныя межы на выезд, з нашай краіны можна будзе толькі вылецець самалётам. Такі крок тлумачаць барацьбой з каранавірусам. “Радыё Свабода” разбіраецца, ці дапаможа гэтая мера.

Як Беларусь змагаецца з эпідэміяй

У лістападзе ў рэгіёнах паступова пачалі ўводзіць абавязковае нашэнне масак, цяпер так ва ўсёй краіне. Пры гэтым штрафаў за ненашэнне няма, хіба што могуць адмовіцца абслугоўваць у краме ці кавярні. Іншых абмежаванняў няма таксама.

З 21 снежня пастановай урада забаронены выезд беларусаў праз наземную мяжу. Абмежаванне не тычыцца вадзіцеляў фур, дыпламатаў. Таксама дазволена будзе выязджаць беларусам:

  • з паведамленнем пра цяжкую хваробу ці смерць блізкага сваяка, мужа (жонкі);
  • якія маюць від на жыхарства ці іншы сапраўдны дакумент, які пацвярджае права пастаянна жыць у замежнай дзяржаве, – да месца пастаяннага жыхарства;
  • для медыцынскай дапамогі пры прад’яўленні дакументаў, якія пацвярджаюць мэту паездкі;
  • якія працуюць на тэрыторыі замежнай дзяржавы, – пры прад’яўленні пацвярджальных дакументаў;
  • для вучобы ў замежных адукацыйных арганізацыях – пры прад’яўленні дакументаў, якія пацвярджаюць вучобу там, або дакументаў установы адукацыі Рэспублікі Беларусь аб накіраванні на вучобу.

Выезд па згаданых прычынах дазволяць не часцей за адзін раз на шэсць месяцаў.

Іншаземцы могуць прыязджаць у Беларусь, калі маюць адмоўны PCR-тэст на каранавірус, зроблены не пазней чым за тры дні да прыезду.

Як іншыя краіны змагаюцца з пандэміяй

У Літве, апроч абавязковага нашэння масак, у краму рэкамендавана хадзіць толькі аднаму з членаў сям’і. Паводле нарматываў, у гандлёвых цэнтрах плошчай да 10 000 квадратных метраў на пакупніка мусіць прыпадаць 15 квадратных метраў; калі гандлёвы цэнтр большы – 20 квадратных метраў.

Людзям не рэкамендуюць пакідаць жыллё без неабходнасці, забароненыя святы ў публічных і прыватных прасторах, калі ў іх удзельнічаюць больш за дзве сямʼі.

Дзяржаўныя ведамствы працуюць дыстанцыйна, на дыстанцыйнае навучанне пераходзяць школы, ім рэкамендавана пайсці на канікулы раней – з 14 снежня. Грамадзяне Літвы могуць выязджаць з краіны і перамяшчацца па Еўропе ў адпаведнасці з правілам, уведзенымі прымаючымі краінамі.

У Польшчы маскі абавязковыя ў грамадскіх месцах, школы перавялі на дыстанцыйнае навучанне. Забаранілі масавыя святы і абрады, усе канцэрты і імпрэзы толькі анлайн.

У сустрэчах і падзеях дома могуць удзельнічаць не больш за пяць чалавек. Грамадзяне Польшчы могуць перамяшчацца ўнутры Еўрасаюза. Па прыбыцці ў Польшчу неабходная ізаляцыя на 10 дзён для неграмадзян ЕС.

У Латвіі маскі абавязковыя ўсюды, апроч дому. Ёсць спіс краін, пасля наведвання якіх абавязковая самаізаляцыя на 10 дзён. Людзі, якія не жывуць разам, могуць збірацца толькі па двое, адлегласць паміж імі мусіць быць два метры.

У выхадныя ў Латвіі працуюць толькі крамы першай патрэбы, у іншыя дні гандлёвыя цэнтры мусяць запаўняцца толькі на 20%. Навучэнцы сярэдняй і старэйшай школы вучацца дыстанцыйна. Тое ж датычыцца вышэйшай і прафесійнай адукацыі. Абмежаванняў на выезд з Латвіі няма, але ёсць краіны, у якія ездзіць не рэкамендуюць.

Ва Украіне абавязковыя маскі, кавярні і рэстараны працуюць да 22.00, таксама ўведзены «каранцін выхаднога дня». Гэта значыць, што ў выхадныя працуюць толькі прадуктовыя крамы і запраўкі, але распараджэнне выконваецца не ва ўсіх рэгіёнах.

Ва Украіну могуць заязджаць замежнікі, калі маюць поліс, які пакрывае выдаткі на лячэнне каранавіруса. Ёсць патрабаванні аб самаізаляцыі, калі чалавек вярнуўся з краіны з высокім узроўнем захворванняў. Абмежаванняў на выезд украінцаў з Украіны няма.

У Расіі абавязковыя маскі, праца месцаў грамадскага харчавання абмежаваная: яны працуюць з 8 раніцы да 23 гадзін. Ёсць свае абмежаванні ў розных рэгіёнах: у Маскве, напрыклад, 50% работнікаў мусяць працаваць дыстанцыйна, у пэўных рэгіёнах установы адукацыі пераводзяць на дыстанцыйнае навучанне, таксама ўводзяць ізаляцыю для старых людзей. Выязджаць з краіны можна толькі праз паветраную мяжу. Выезд па зямлі абмежаваны, але ў чэрвені яго паслабілі: стала магчыма выехаць, калі трэба даглядаць хворых сваякоў за мяжой ці выправіцца на лячэнне.

Чаму забарона на выезд нелагічная

Забарону на выезд урад тлумачыць эпідэміяй каранавіруса, але цяпер захворванне распаўсюджваецца ўнутры краіны. Калі яшчэ ў сакавіку было шмат завезеных выпадкаў, Беларусь межы на ўезд не закрывала, у адрозненне ад іншых краін.

«Цяпер унутры краіны хворых столькі, што асноўная частка распаўсюджання – гэта не завезеныя выпадкі, гэта цыркуляцыя віруса ўнутры краіны. Калі мы не будзем ні ўпускаць, ні выпускаць нікога – гэта ні на што моцна не паўплывае, бо ўнутры краіны шмат людзей маюць вірус і перадаюць адзін аднаму», – лічыць доктар Зміцер Салошкін.

10 снежня ў Беларусі, паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, зафіксавалі 1939 новых выпадкаў каранавіруса. Гэта чарговы антырэкорд.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!