Вячаслаў Кебіч. Фота з адкрытых крыніц
Вячаслаў Кебіч. Фота з адкрытых крыніц

Памёр Вячаслаў Кебіч. У сусветную гісторыю ён увойдзе як адзін з шасці кіраўнікоў Беларусі, Расіі і Украіны, якія падпісалі Белавежскае пагадненне аб спыненні існавання СССР. Пра беларускага палітыка “Свабодзе” распавёў беларускі журналіст і палітык Сяргей Навумчык.

Для свету неістотна, што да гэтага большасць рэспублік ужо абвясціла незалежнасць – на фоне мірнага знікнення крывавай аўтарытарнай імперыі.

Але ў гісторыі Беларусі ягоная роля іншая, бо менавіта Кебіч як ніхто вызначыў яе лёс пасля 1991 года.

У 1990-м, пасля прызначэння яго старшынём урада, Васіль Быкаў назваў яго “прэм’ерам спадзяванняў”. Мушу прызнаць, што і многім з нас, дэмакратычных дэпутатаў, ён такім здаваўся – Францавіч (як называлі яго паміж сабой) быў пазбаўлены чынавенскай пыхі, лёгка ішоў на кантакт, успрымаў новыя ідэі.

25 жніўня 1991 года на надзвычайнай сесіі Вярхоўнага Савета ён падтрымаў Пазняка і выказаўся за незалежнасць, чым у немалой ступені паўплываў на вынікі галасавання дэпутатаў-камуністаў.

Але пасля гэтага “амплітуда смеласці” Кебіча пайшла ўніз.

Падпісанне Белавежскага пагаднення было апошнім сур’ёзным станоўчым дзеяннем Кебіча. Яшчэ за некалькі месяцаў да гэтага, адразу пасля абвяшчэння незалежнасці, ён мог перафармаціраваць урад, увесці ў яго прадстаўнікоў БНФ (Фронт на той момант меў прагрэсіўную эканамічную праграму і, што важна, пакет законапраектаў), інтэнсіўна, не губляючы час, пачаць ствараць інстытуцыі незалежнай дзяржавы. Але не зрабіў гэтага. Незалежніцкія дзяржаўныя інстытуцыі ствараліся са спазненнем, шмат магчымасцяў было страчана (але ўсё ж былі створаныя да 1994-га, Лукашэнка прыйшоў на гатовае).

Горш за ўсё, што вакол Кебіча ўтварылася кола асоб, якія не прымалі ідэі незалежнасці, нацыянальнага адраджэння і адначасова скарыстоўвалі цяпер ужо поўную бескантрольнасць для ўласнага ўзбагачэння.

Сам Кебіч хадзіў у стаптаных чаравіках (гэта я бачыў на ўласныя вочы). Але некаторыя з ягоных віцэ-прэм’ераў мелі актывы, якія вымяраліся дзясяткамі мільёнаў долараў.

Геапалітычнае становішча Беларусі, якое апазіцыя БНФ прапанавала выкарыстаць у інтарэсах народа, атачэнне Кебіча зрабіла невычэрпнай крыніцай уласнага ўзбагачэння, адначасова прывязваючы краіну да Расіі (адкуль ішлі нафта і газ). І калі яны казалі, што “без Расіі нам не пражыць”, яны мелі абсалютную рацыю: ім сапраўды немагчыма было пражыць без сумесных з расійскімі чыноўнікамі і камерсантамі карупцыйных схем.

Блакіраванне прагрэсіўных законапраектаў, забарона рэферэндуму аб датэрміновых выбарах у 1992-м, уступленне ў АДКБ – усё гэта было праведзена парламенцкай большасцю, якую называлі “пракебічаўскай”.

Вячаслаў Кебіч падае два пальцы Аляксандру Лукашэнку ў часе рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты, 31 мая 1994 года
Вячаслаў Кебіч падае два пальцы Аляксандру Лукашэнку ў часе рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты, 31 мая 1994 года

Нарэшце, баючыся страціць свае капіталы, атачэнне Кебіча пераканала яго, што адзіны спосаб захаваць уладу – гэта яшчэ большая яе канцэнтрацыя ў адных руках. І вясной 1994 года было ўведзена прэзідэнцтва. Але скарыстаўся гэтым іншы – той, хто яшчэ грамчэй, чым Кебіч, заяўляў, што “без Расіі нам не пражыць”.

Тое, што Кебіч патрапіў пад уплыў свайго атачэння, ні ў якой ступені не здымае з яго адказнасці як палітыка. А можа і наадварот. У 1991 годзе ён меў усе магчымасці, каб павесці Беларусь па цывілізаваным, дэмакратычным, еўрапейскім шляху. Магчымасці меў, але не скарыстаўся імі. І, не скарыстаўшыся, не пажадаў пайсці ў адстаўку. І штурхнуў Беларусь у бездань.

А завяршыць гэты тэкст хачу радкамі, якімі скончыў кнігу “Дзевяноста чацвёрты”: “У дні прэзідэнцкіх выбараў мая маці пераказала расповед пра наведванне Кебічам святых месцаў у Жыровічах. Быццам бы паклаў Вячаслаў Францавіч да абраза Божай Маці ружу, і ружа імгненна счарнела”.

Поделиться ссылкой: