Супольная заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 15 новых палітвязняў
Фото https://robotodavets.org.ua

У сувязі з інфармацыяй аб узяцці пад варту і прад’яўленні абвінавачанняў па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса (“Масавыя беспарадкі”) Аляксандру Цярэшку, Ірыне Шчаснай, Руслану Парфёнаву, Дзянісу Жуку, а таксама па арт.342 Крымінальнага кодэкса (“Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак”) Сяргею Ярашэвічу, Алегу Корбану, Дзмітрыю Карабейніку, Рыгору Саладоўнікаву, Арцёму Вінакурава, Івану Андрушойцю (абвінавачаны яшчэ па ч.2 арт.349 КК), Аляксею Санчуку, Ігару Повараву, Яўгену Юшкевічу, Таццяне Якельчык, Уладзіславу Марціновічу, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў сумеснай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантавана артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўлены законам і неабходны ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступленні грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканы недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсфікацыямі, не былі прызнаны міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваны спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыянальным прымяненнем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжыты гумовыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрымана ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі з улікам кантэксту і абставін ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыянальных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

Таксама адзначаем, што кваліфікацыя дзеянняў Івана Андрушойця па ч.2 арт.349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі), згодна з дзеючым заканадаўствам, не можа з’яўляцца падставай для абрання меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай нават пры наяўнасці гэтага складу злачынства ў яго дзеяннях.

Мы ацэньваем пераслед Аляксандра Цярэшкі, Ірыны Шчаснай, Руслана Парфёнава, Дзяніса Жука, Сяргея Ярашэвіча, Алега Корбана, Дзмітрыя Карабейніка, Рыгора Саладоўнікава, Арцёма Вінакурава, Івана Андрушойця, Аляксея Санчука, Ігара Поварава, Яўгена Юшкевіча, Таццяны Якельчык, Уладзіслава Марціновіча, якія былі абвінавачаны па арт.293 КК (“Масавыя беспарадкі”) і па арт.342 КК (“Групавыя дзенянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак”), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі права на свабоду мірных сходаў і выказванне свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаём іх палітычнымі зняволенымі.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад улад Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Аляксандра Цярэшку, Ірыну Шчасную, Руслана Парфёнава, Дзяніса Жука, Сяргея Ярашэвіча, Алега Корбана, Дзмітрыя Карабейніка, Рыгора Саладоўнікава, Арцёма Вінакурава, Івана Андрушойця, Аляксея Санчука, Ігара Поварава, Яўгена Юшкевіча, Таццяну Якельчык, Уладзіслава Марціновіча і спыніць іх крымінальны пераслед.
  2. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй права на свабоду мірных сходаў у поствыбарны перыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Публікацыя з № 97 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»